«Яны прагноз надвор'я не бачылі?»
- 4.05.2026, 17:20
Беларусы абурыліся тым, што ў спёку ацяпленне працягвала працаваць.
З 4 мая ў Гомелі пачалі адключаць ацяпленне, тым не менш да канца дня панядзелка гамяльчане працягвалі масава скардзіцца на спёку ў кватэрах праз раскаленыя батарэі, заўважыў «Флагшток».
Дзень таму ў Гомелі на вуліцы было ўжо плюс 25 градусаў, але і назаўтра, калі тэмпература паветра прагрэлася да 27 градусаў, у многіх спажыўцоў у кватэрах батарэі працягвалі заставацца «як кіпень».
Шмат хто з гамяльчан з разуменнем адзначаў, што рэзкае пацяпленне прыйшлося на выходныя, аднак выказвалі здзіўленне: чаму, ведаючы дакладны прагноз надвор'я на тыдзень наперад пра тое, што прыйдзе спёка, улады загадзя не прынялі рашэнне аб пачатку адключэння ацяплення напярэдадні пацяплення: «Яны прагноз надвор'я не бачылі?»
Гэтыя пытанні ў сацсетках засталіся без адказаў. Гарвыканкам толькі лаканічна паведаміў, што «ў сувязі з усталяванымі станоўчымі сярэднясутачнымі тэмпературамі вонкавага паветра з 4 мая 2026 года ў Гомелі завяршаецца ацяпляльны перыяд у жыллёвым фондзе і на аб'ектах сацыяльнай сферы».
Тым часам гамяльчане выкладалі відэа і расказвалі, што ў іх кватэрах тэмпература паветра дасягала плюс 30 градусаў. У каментарыях выказалі здагадку, што ўлады «зарабляюць на нас грошы», бо за ацяпленне давядзецца плаціць.
Аднак сітуацыя, хутчэй, сведчыць пра інертнасць сістэмы — пры рэзкім пацяпленні для пераходу на летні рэжым энергетыкам неабходна некалькі дзён на выключэнне ацяплення.