Беларусам падрыхтавалі сюрпрыз у сувязі з перапісам насельніцтва
- 7.05.2026, 15:01
Адпаведны законапраект ужо прыняты.
Законапраект «Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб перапісе насельніцтва» прадугледжвае абавязковы ўдзел у перапісе. Адпаведны законапраект беларускія дэпутаты прынялі ў першым чытанні 7 мая 2026 года, піша «Белсат».
«Рэспандэнты абавязаны браць удзел у перапісе насельніцтва і падаваць дакладныя першасныя статыстычныя звесткі па формах перапіснога ліста», — гаворыцца ў праекце закона.
На думку распрацоўнікаў, замацаванне такой абавязковасці дазволіць «акцэнтаваць увагу на неабходнасці ўдзелу ў перапісе насельніцтва, павысіць адказнасць і свядомасць пры прадстаўленні дакладных першасных статыстычных звестак».
Таксама ў праекце замацоўваецца тэрмін правядзення пробнага перапісу насельніцтва — не пазней чым за два гады да правядзення перапісу. То бок не пазней за 2027 год. Акрамя таго, на пытанні будуць адказваць падлеткі ад 15 гадоў, а публікацыя вынікаў даследавання перастане быць абавязковай.
Пакуль невядома, ці прадугледжана нейкае пакаранне для «ўхіліста» ад перапісу.
Перапіс насельніцтва ў Беларусі праводзіцца, як правіла, раз на 10 гадоў і распаўсюджваецца на ўсіх жыхароў, якія пастаянна пражываюць у краіне, незалежна ад узросту, грамадзянства і нацыянальнасці. Пакуль удзел у ім добраахвотны. Наступны перапіс насельніцтва адбудзецца ў 2029 годзе.
Паводле апошніх дадзеных Белстата, насельніцтва Беларусі за 2025 год скарацілася на 53 200 чалавек. Прычым упершыню за апошнія гады зніжэнне зафіксавана нават у Мінску, які раней заставаўся адзіным рэгіёнам, што рос.