Лукашэнка, нягледзячы на папярэджанні Зяленскага, паляцеў на парад у Маскву
- 8.05.2026, 10:41
Кіраўнік наведае прапагандысцкае мерапрыемства на Чырвонай плошчы.
Лукашэнка адправіўся з працоўным візітам у Расію, паведамілі ў яго прэс-службе. Раней быў апублікаваны афіцыйны ананс паездкі.
Паводле інфармацыі прапагандыстаў, падчас візіту запланаваная сустрэча з Пуціным.
Таксама чакаецца, што Лукашэнка возьме ўдзел у парадзе, які адбудзецца 9 мая на Чырвонай плошчы ў Маскве.
Апошнім часам парады 9 мая, куды Лукашэнка вымушаны лятаць, сталі для дыктатара сапраўдным выпрабаваннем. Яму двойчы станавілася дрэнна падчас мерапрыемстваў на Чырвонай плошчы — у 2023 і 2024 гадах.
На гэты раз парад у Маскве суправаджаецца яшчэ адной небяспекай — прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што 9 мая ў сталіцу РФ могуць прыляцець украінскія дроны.
Учора, 8 мая, Зяленскі параіў замежным гасцям «не наведваць парад у Маскве».