BE RU EN

Зяленскі яшчэ раз перасцярог Лукашэнку ад наведвання параду 9 мая ў Маскве

  • 8.05.2026, 12:07

Украіна не раіць гэтага рабіць.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі параіў прадстаўнікам замежных дзяржаў адмовіцца ад удзелу ў святочных мерапрыемствах з нагоды 9 мая ў Маскве. «У нас ёсць звароты ад некаторых дзяржаў, блізкіх да Расіі, пра тое, што іх прадстаўнікі збіраюцца быць у Маскве. Дзіўнае жаданне… у гэтыя дні. Мы не рэкамендуем», — заявіў Зяленскі. Ён нагадаў, што Кіеў раней прапанаваў Маскве спыніць агонь з 6 мая, аднак у адказ атрымаў толькі новыя ўдары і пагрозы.

Да гэтага Уладзімір Пуцін у тэлефоннай размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам прапанаваў абвясціць перамір’е з Украінай на 9 мая. Зяленскі раскрытыкаваў спробу Крэмля дамагчыся часовай паўзы ў баявых дзеяннях толькі на час правядзення параду ў Маскве. «Трэба шанаваць людзей, а не парады. Трэба ўсталёўваць мір, а не бегаць па сталіцах свету з просьбамі пра паўзу», — сказаў Зяленскі. На гэтым фоне Мінабароны РФ паведаміла, што на парадзе Перамогі ўпершыню з 2007 года не будзе прадстаўленая калона вайсковай тэхнікі. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў патлумачыў, што мерапрыемства пройдзе ў «скарочаным фармаце» з-за «аператыўнай абстаноўкі» і «тэрарыстычнай пагрозы» з боку Кіева.

Адначасова з гэтым Адміністрацыя прэзідэнта РФ адмяніла запрашэнні на парад для замежных журналістаў. Акрэдытацыю адклікалі ў супрацоўнікаў Der Spiegel, тэлеканалаў ARD, ZDF, Sky, Rai і NHK, а таксама інфармагенцтва AFP. «У сувязі з сітуацыяй, што склалася, фармат асвятлення параду быў зменены, таму замежныя СМІ, якім ужо была прадастаўлена акрэдытацыя, больш не будуць дапушчаныя», — паведамілі ў Крэмлі прадстаўніку Der Spiegel. Іншым замежным СМІ заявілі, што на парад дапускаюцца толькі расійскія СМІ.

Паводле даных Крэмля, на парадзе Перамогі ў расійскай сталіцы будуць прысутнічаць кіраўнікі Беларусі, Малайзіі, Лаоса і часткова прызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Таксама ў Маскву прыедуць прэм’ер Славакіі і прэзідэнт Рэспублікі Сербскай. Такім чынам, колькасць лідараў краін былога СССР на парадзе стане мінімальнай з 2022 года, калі да Пуціна не прыбыў ніводзін замежны кіраўнік дзяржавы, і ён прымаў маршыруючыя калоны ў адзіноце.

Як паведамляў сайт Charter97.org, Лукашэнка ўжо вылецеў на пуцінскі парад у Маскву.

Апошнія навіны