BE RU EN

У крамах на Гомельшчыне знайшлі «ліпавую» бульбу

  • 8.05.2026, 13:17

І забароненае насенне.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі паведаміў пра закрыццё трох крам у Гомельскай вобласці з-за сур'ёзных парушэнняў пры продажы насення, сродкаў абароны раслін і бульбы.

Праверкі праводзіліся ў гандлёвых аб'ектах Гомеля і Жлобіна. Паводле даных КДК, у крамах выявілі каля 450 адзінак сродкаў абароны раслін і насення, якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю і не былі ўключаныя ў афіцыйны рэестр сартоў сельскагаспадарчых культур.

Акрамя таго, больш за 900 адзінак прадукцыі аказаліся пратэрмінаванымі — тэрмін прыдатнасці некаторых тавараў скончыўся яшчэ тры гады таму. Яшчэ звыш 800 тавараў прадаваліся без дакументаў, што пацвярджаюць якасць, бяспеку і паходжанне насення.

Таксама правяраючыя ўсталявалі, што пад выглядам насенневай бульбы пакупнікам рэалізоўвалі звычайную харчовую бульбу, пры гэтым цана на яе была прыблізна ў чатыры разы вышэйшая, чым у прадуктовых крамах.

Усю неякасную і забароненую прадукцыю знялі з продажу. Праца крам прыпыненая да ўстаранення парушэнняў. Назвы гандлёвых аб'ектаў у КДК не раскрылі.

У дачыненні да парушальнікаў распачаты адміністрацыйны працэс.

Апошнія навіны