BE RU EN

Рубіо: Перамовы паміж Расіяй і Украінай зайшлі ў тупік

  • 8.05.2026, 18:28

Вашынгтон больш не хоча траціць рэсурсы на працэс без прагрэсу.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіо заявіў, што амерыканскія спробы выступіць пасрэднікам у перамовах паміж Расіяй і Украінай фактычна зайшлі ў тупік, піша The Moscow Times.

Паводле слоў Марка Рубіо, Вашынгтон спрабаваў дапамагчы бакам дасягнуць мірнага пагаднення, але пакуль гэта не прынесла выніку.

«Мы спрабавалі адыграць ролю пасрэдніка, але пакуль гэта не прывяло да пладатворнага выніку па шэрагу прычын. Мы ўсё яшчэ гатовыя адыграць гэтую ролю, калі гэта можа быць выніковым», — сказаў дзяржсакратар ЗША.

Ён адзначыў, што ЗША не хочуць траціць час і рэсурсы на працэс, які не прыводзіць да прагрэсу. Пры гэтым ён дадаў, што амерыканскі бок гатовы вярнуцца да актыўнага пасрэдніцтва, калі сітуацыя зменіцца.

Раней ЗША, каб дасягнуць выніку, прапаноўвалі Расіі шырокія саступкі — у тым ліку размовы пра змякчэнне санкцый, эканамічнае супрацоўніцтва і нават магчымасць прызнання Крыму. Аднак Уладзімір Пуцін не пагадзіўся на кампраміс па тэрытарыяльных пытаннях і працягвае патрабаваць аддаць яму бяз бою поўны кантроль над Данбасам.

Нягледзячы на кантакты паміж прадстаўнікамі ЗША і Крамлём, а таксама некалькі сустрэч паміж расійскім і ўкраінскім бакамі, дамагчыся мірнага пагаднення не ўдалося.

Раней крыніцы выдання Bloomberg паведамлялі, што ў Крамлі разглядаюць магчымасць працягваць вайну яшчэ як мінімум год або два і рыхтуюць новае наступленне.

Што да ЗША, то яны хацелі дасягнуць дамоўленасці па Украіне яшчэ да вясны, каб затым вынесці яе на рэферэндум ва Украіне і арганізаваць выбары, як таго патрабавала Расія. Амерыканскі бок таксама быў зацікаўлены ў хуткім прагрэсе гэтых перамоваў на фоне ўнутранай палітычнай сітуацыі ў ЗША і маючых адбыцца выбараў у Кангрэс. Аднак завышаныя патрабаванні Пуціна і адмова Украіны іх прыняць зрабілі гэтыя планы невыканальнымі.

Апошнія навіны