BE RU EN

У Літве выявілі доўгі тунэль на мяжы з Беларуссю

  • 8.05.2026, 20:29

Па ім у краіну прабраліся нелегальныя мігранты.

У Літве затрымалі 18 замежнікаў, якія прабраліся ў краіну па выкапаным з боку Беларусі тунэлі.

«Усіх мужчын, якія назваліся грамадзянамі Афганістана і Шры-Ланкі, пазней вярнулі ў Беларусь супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы», – паведаміла 8 мая Дзяржаўная памежная служба (ДПС) Літвы.

Толькі трое затрыманых мелі пры сабе пашпарты Афганістана, астатнія не мелі ніякіх дакументаў. Усіх затрыманых агледзелі і, пераканаўшыся, што ім нічога не пагражае, вярнулі назад у Беларусь.

Непадалёк ад тунэлю літоўскія памежнікі спынілі аўтамабіль Audi A6 з літоўскімі нумарамі. Ім кіравалі грамадзяне Украіны – 41-гадовы мужчына і 33-гадовая жанчына. Паводле папярэдніх звестак, яны законна знаходзіліся ў Літве і прыехалі забраць сямёрых нелегальных мігрантаў. Украінцаў таксама затрымалі і пачалі расследаванне аб незаконнай перавозцы асоб праз дзяржаўную мяжу. Ім пагражае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да васьмі гадоў.

Месяц таму, 6 красавіка, памежнікі Літвы таксама выявілі тунэль, праз які мігранты траплялі ў ЕС з боку Беларусі. Як кажуць у ДПС, «не без ведама беларускіх чыноўнікаў».

Паводле дадзеных Літвы, у 2026 годзе 731 мігрант спрабаваў трапіць у Літву з Беларусі праз несанкцыянаваныя пункты. Яшчэ 146 незаконных спроб – у Польшчу і 2475 – у Латвію.

Апошнія навіны