BE RU EN

«Шэнген на адзін месяц за 700 рублёў: нармальна ці не?»

  • 9.05.2026, 13:27

Беларусы распавялі пра сітуацыю з атрыманнем шэнгенскіх віз.

Беларусы абмяркоўваюць у сацсетках кошт і тэрміны атрымання шэнгенскіх віз. Падставай стаў пост карыстальніка Threads, які атрымаў іспанскі шэнген на месяц за 700 рублёў. У каментарыях адны назвалі такі вынік «нормай для цяперашніх рэалій», іншыя — «стрэма» і «дзіччу за такія грошы», піша «Зеркало».

«Шэнген на адзін месяц за 700 рублёў: норм ці стрэм?» — напісаў мінчанін Дзмітрый.

Аўтар паста ўдакладніў, што гаворка пра візу ў Іспанію. Паводле яго слоў, асноўная частка сумы пайшла на аплату прэміум-слота ў візавым цэнтры — каля 625 рублёў. Астатняе склалі выдаткі на фота, банкаўскія выпіскі, копіі дакументаў і афармленне дазволу на выезд дзіцяці.

У каментарыях многія адзначалі, што сёння нават кароткатэрміновы шэнген лічыцца ўдачай, асабліва калі пашпарт «чысты» і за апошнія гады віз не было. Некаторыя карыстальнікі пісалі, што атрымлівалі візы на 10−12 дзён за супастаўныя сумы, а нехта распавядаў пра выдаткі ў сотні долараў пры адмове ў візе.

«Адназначна лепш, чым адмова», — напісаў адзін з каментатараў.

А іншы карыстальнік выказаў меркаванне, што «эпіляцыя танней за апеляцыю» на адмову ў візе: паводле яго слоў, абскарджанне адмовы абыходзіцца прыкладна ў 200 еўра.

Асобную дыскусію выклікалі спосабы падачы дакументаў. Частка карыстальнікаў раіла афармляць візы самастойна і лавіць звычайныя слоты без пераплаты, аднак многія адзначалі, што зрабіць гэта становіцца ўсё складаней. Некаторыя распавялі, што чакалі сваёй чаргі на атрыманне нямецкага шэнгену амаль год.

Частка каментатараў адзначыла, што Іспанія цяпер часта выдае візы на кароткія тэрміны, тады як Італія або Германія часам даюць шматгадовыя візы нават у «чысты» пашпарт, хоць чаканне падачы можа заняць месяцы.

«Мне іспанцы ў лютым далі на 1,5 месяца ў новы пашпарт, таксама за 700 рублёў сумарна. Агенцтва займалася. Улічваючы, што кошт нумара ў Рыме на суткі — 200 еўра, лічу, што 700 рублёў за візу — гэта [добра]».

«Не адчайвайцеся! Мне на тры месяцы шэнген добрая (???) знаёмая адчыніла за 1000 амерыканскіх грошай. Першапачаткова было 1,4 тысячы (дачка «сторгавала») і запэўніванні, што будзе мінімум на паўгода віза. У выніку — вось такая жопа».

«Стрэм. Зусім прыціснулі. Купляеце тур у Францыю, яны ставяць амаль усім на паўгода. Тур да тысячы ўмоўных выходзіць. Але вы ж і Францыю паглядзіце. І візу, хутчэй за ўсё, атрымаеце».

«Норм. Стрэм — гэта калі гатовы і 1500 рублёў аддаць, каб зарэгалі на візу, робіш 300 відэа, сэлфі з тупымі наладамі камеры, а яны не могуць проста дату злавіць (спачатку Іспанію, потым ужо і Польшчу пачалі лавіць, потым і Грэцыю). У выніку з пачатку лютага нават няма рэгістрацыі. І ўсё, што яны могуць сказаць, — прабачце, дат мала далі, можа, вы можаце час паездкі памяняць? А я не магу яго памяняць, я цяпер мусіла быць на моры ў Іспаніі, а даляцець туды я павінна была на загадзя набытых квітках».

«1,5 года таму тэрміновая віза на сем дзён выйшла ў раёне 600 еўра. Дык што 700 рублёў за месяц нібыта вельмі нават удала».

«Тая ж была сітуацыя. Падлічыла, што сродкаў, нерваў і часу (рабіла праз агенцтва) занадта шмат было ўкладзена, а выхлап — на міні-паездку (далі менш за месяц). Таму падалася на нямецкую, чакаю на чылі, гвалтаваць сябе дзеля 1−4 тыдняў больш не хачу. Праўда, мінулы раз яны мяне скіпнулі, напісаўшы, што абнулілі падачу».

Апошнія навіны