BE RU EN

Цэментныя заводы Беларусі маюць запазычанасць больш за $744 млн

  • 9.05.2026, 20:13

Аддаваць будуць па «замарожаным» курсе.

Тры беларускія цэментныя заводы завінаваціліся дзяржаве больш за 744 млн долараў, паказаў праведзены «Позіркам» аналіз указа № 156, які Лукашэнка падпісаў 7 мая.

Паводле дакумента, апублікаванага 9 мая на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, у Беларускага цэментнага завода (БЦЗ; Касцюковічы, Магілёўская вобласць) на 1 лістапада 2025 года ўтварылася запазычанасць перад рэспубліканскім бюджэтам у памеры 203,72 млн долараў — за выплаты па кітайскіх крэдытах, ажыццёўленыя за кошт бюджэту ў 2015–2024 гадах.

Прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы» (гарадскі пасёлак Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці) па той жа прычыне віннае дзяржаве 166,23 млн долараў; «Крычаўцэментнашыфер» (Крычаў, Магілёўская вобласць) — 241,37 млн долараў, а таксама 133,013 млн долараў і 16,159 млн рублёў па гарантыях, якія дзяржава выканала перад беларускімі банкамі.

Раней было вызначана, што бюджэтныя выплаты па кітайскіх крэдытах Краснасельскі завод павінен быў пачаць кампенсаваць з 2030 года, а Касцюковіцкі і Крычаўскі — з 2029-га (вяртанне па выплачаных банкам з бюджэту дзяржаўных гарантыях для апошняга было разлічана на 2030–2038 гады). Плаціць па валютных даўгах яны былі абавязаны ў рублях, але па плаваючым курсе — не менш за 5% сумы запазычанасці ў год.

Новы ўказ зрушыў пачатак выплат на 2026 год (да 2029 года — не менш за 2,5% выручкі, у 2030–2033 гадах — не менш за 4%, з 2034-га — не менш за 5%). Разам з тым разлічвацца па валютных запазычанасцях, якія ўтварыліся да 5 мая 2026 года, заводы будуць па «замарожаным» на гэтую дату курсе долара (2,8315 рубля), то бок даўгі не вырастуць, нават калі амерыканская валюта падаражэе.

Да 20 мая кожнае прадпрыемства павінна адкрыць у «Беларусбанку» спецыяльны рахунак для акумулявання сродкаў на пагашэнне даўгоў. Грошы павінны пералічвацца штотыдзень і могуць быць выкарыстаныя выключна на мэту, пад якую адкрыты рахунак. Пры гэтым Міністэрства фінансаў мае права без згоды завода спісаць сродкі з гэтага рахунку, калі плацёж па доўгу не пералічаны своечасова.

Акрамя фінансавых абавязацельстваў перад дзяржавай, у двух заводаў ёсць запазычанасць перад «Беларусбанкам» — астаткі асноўных даўгоў па крэдытах, прыцягнутых пад гарантыі ўрада. У БЦЗ — 12,5 млн рублёў, у «Крычаўцэментнашыфера» — 27,855 млн долараў. Запазычанасці павінны быць пагашаныя да канца 2026 года.

Апошнія навіны