Беларус знайшоў унікальныя здымкі Бабруйска і Століна
- 10.06.2026, 11:06
Іх зрабіў нідэрландскі фатограф 25 гадоў таму.
У Threads фотамастак Уладзімір Зуеў падзяліўся незвычайнай знаходкай – беларус знайшоў працы нідэрландскага фатографа, які на пачатку нулявых здымаў Бабруйск і Столін. CityDog.io паказвае, якія фота атрымаліся ў нідэрландца.
«Вось пэўны галандскі фатограф Erik van Straten здымаў на “Leica” Бабруйск і Столін у канцы 90-х — на пачатку 2000-х», — напісаў Уладзімір.
У каментарыях пад допісам беларуса адзначыліся карыстальнікі, якія пазналі герояў або лакацыі, зафіксаваныя на здымках.
«Калі я не памыляюся, то дзяўчыну на першым фота ведаю. Пакажу ёй, раптам гэта яна. А фота класныя, такія жыццёвыя. У майго бацькі таксама быў цэлы саквояж з рознымі прыстасаваннямі фатографа, таму і чорна-белых фотаздымкаў шмат», — напісала baikova974.
«Другое фота: поле, дзе цяпер стаіць вялікая “Карона”, наперадзе па сцяжынцы — музычная школа», — дзеліцца leya_mescheryakova.
Свае здымкі, у тым ліку і беларускіх мястэчак, фатограф апублікаваў на фотахостынгу Flickr. Судзячы па галерэі Эрыка, ён таксама здымаў у Лондане, Амстэрдаме і Турцыі. Усяго аўтар загрузіў пад тысячу фотаздымкаў.
Уладзімір нават звязаўся з Эрыкам і ў каментарыях пад яго альбомам напісаў, што падзяліўся здымкамі ў сваіх сацсетках.
«Дзякуй! Бабруйск — вельмі фотагенічны горад. Насамрэч уся Беларусь вельмі фотагенічная. Нам, заходнім людзям, здаецца, нібыта ў Беларусі час спыніўся», — адрэагаваў на каментар Эрык.