BE RU EN

Яшчэ тыдзень — і ў Крыме настане хаос

  • Сяргей Марчанка
  • 10.06.2026, 16:35

Усё гэта падобна на незабыўны турыстычны сезон.

Калі расіяне не знойдуць супрацьдзеяння ўкраінскаму паляванню на бензавозы і сітуацыя пратрымаецца яшчэ тыдзень, у Крыме настане хаос.

«І да нас дабралася гэтая сітуацыя з бензінам», — скардзіцца ў Краснадарскім краі Фёкла і пытаецца, ці мы ў курсе, што з гэтым рабіць? Так, мы ў курсе. Вам трэба бегчы, бо будзе толькі горш.

На поўдні Расіі і на акупаваных тэрыторыях вялікія праблемы з палівам. І калі ў Краснадары гэта Фёкла ные, стаіць у велізарнай чарзе па гаручае, якая ледзь рухаецца, то ў Крыме гаручае наогул амаль не прадаюць. На запраўках чэргі па 250–300 аўтамабіляў, а гаручага няма, і запраўшчыкі кажуць, што яго і не будзе.

Усё гэта падобна на незабыўны турыстычны сезон у Крыме. Тым дуракам, якія ўсё ж вырашылі паехаць адпачываць у зону баявых дзеянняў, будзе вельмі весела штурхаць свае машыны праз Крымскі мост.

Калі расіяне не знойдуць супрацьдзеяння ўкраінскаму паляванню на бензавозы і сітуацыя пратрымаецца яшчэ тыдзень, у Крыме настане хаос. Цяпер расіяне, якія не могуць з'ехаць, працягваюць сваё пражыванне, але відавочна, што з кожным днём гэта рабіць будзе ўсё складаней, бо прыязджаюць новыя адпачывальнікі, а старых хутка будуць выкідваць на вуліцу.

Адсутнасць паліва пацягне праблемы з харчаваннем. Ужо цяпер купля прадуктаў у Крыме абмежаваная, а далей Крым чакаюць невясёлыя часы без ежы і магчымасцяў з'ехаць адтуль. Гэта каласальная сацыяльная напруга, і дарагім расіянам гэта дакладна не спадабаецца.

Ідылічная карціна Крыму, які вярнуўся ў «родную гаўань», трашчыць па швах, бо сацыяльныя праблемы зводзяць на нуль усю расійскую прапаганду, і на паўвостраве мацнее незадаволенасць рэжымам, які прывёў да значна горшага жыцця, чым за часоў Украіны. Я глядзеў стрымы расійскіх блогераў і бачыў, як людзі адкрыта крытычна гаварылі пра расійскую ўладу на паўвостраве. Такога раней не было. Гэта кропкі кіпення, калі настолькі дрэнна, што людзі нават перастаюць баяцца.

Аналізуючы гэтую сітуацыю, мне здаецца, што цяпер мы ў моманце, калі Расія пачынае праяўляць крохкасць. Прычым адразу ў многіх кропках. ЗСУ спынілі расійскае наступленне, і на фронце ў іх трашчыць. Да афіцыйнай статыстыкі вызвалення тэрыторый можна ставіцца па-рознаму, але яна дакладна сведчыць, што расіяне, прынамсі, не прасоўваюцца.

Пачынае нешта адбывацца на Каўказе. Пуцін тэрмінова кідае туды першага намесніка кіраўніка АП Сяргея Кірыенку, а гэта значыць, што ён бачыць там сур'ёзныя праблемы.

Украіна істотна падарвала экспартныя магчымасці Расіі на сусветных рынках нафты і паліва. А цяпер яшчэ лакальныя крызісы ў сакральным Крыме і на поўдні ўвогуле.

То-бок, сыплецца ўжо не нешта адно, а цэлая сістэма рвецца на кавалкі ў многіх месцах, і запасу трываласці крытычна не хапае. Гэта не значыць, што Расія рухне ўжо проста цяпер, але такой сітуацыі ў вайне не было з пачатку 2023 года.

І гэта не пройдзе бясследна. Яны не хаваюць, што будуць учапляцца за скрадзенае рукамі і нагамі. Таму цяпер так шмат размоў пра «ядзерку». Якая ім аніяк не дапаможа. Таму такі тэрор цывільных. І я хачу папярэдзіць усіх сваіх сяброў, што цягам 48 гадзін чакаецца вялікі камбінаваны ўдар па Кіеве — амаль тысячай беспілотнікаў і некалькімі дзесяткамі ракет. Папярэдзьце родных і беражыце сябе.

Сяргей Марчанка, «Фэйсбук»

Апошнія навіны