Карвэт «Бойкий» Балтыйскага флоту РФ пасля ўдараў беспілотнікаў не падлягае рамонту
- 11.06.2026, 8:27
Карабель давядзецца спісаць.
Расійскі карвэт «Бойкий» Балтыйскага флоту РФ, па якім Сілы абароны Украіны нанеслі ўдар у ноч на 3 чэрвеня, атрымаў вельмі сур'ёзныя пашкоджанні. Пра гэта ў сваім уліковым запісе ў сацыяльнай сетцы X напісаў OSINT-аналітык MT Anderson.
MT Anderson звярнуў увагу на новыя спадарожнікавыя здымкі, зробленыя ў Кранштаце, у прыватнасці, у сухім даку. На іх відаць істотныя пашкоджанні карвэта «Бойкий».
У расійскага карвэта моцна пашкоджаная карма. Палуба з радарам абвалілася ўнутр, што стала наступствам пажару. OSINT-аналітык лічыць, што на караблі знішчаныя амаль усе радыёлакатары і антэнныя рашоткі радыёэлектроннай барацьбы. Акрамя таго, сур'ёзна пашкоджаныя корпус і дымавая труба.
Мяркуецца, што ўнутраныя памяшканні гэтага ваеннага карабля цалкам выгарэлі. Паводле аналізу спадарожнікавых здымкаў, MT Anderson робіць выснову, што карвэт «Бойкий» рамонту не падлягае. Расійскім акупантам давядзецца спісаць яго на лом металу.
Нагадаем, у ноч на 3 чэрвеня Сілы абароны Украіны нанеслі ўдары па расійскай ваенна-марской базе «Кранштадт» на Балтыйскім моры, а таксама па вайсковых і стратэгічных аб'ектах у Ленінградскай вобласці Расіі і Санкт-Пецярбургу. Пашкоджанні атрымалі марскі завод, некалькі расійскіх ваенных караблёў, а таксама нафтавы тэрмінал, які забяспечваў экспарт расійскай нафты.