BE RU EN

У Беларусі ўступаюць у сілу асаблівыя пенсійныя навацыі

Яны закрануць пэўную групу людзей.

Урад Беларусі ўвёў змены адносна рэабілітацыі і пражывання ў сацыяльных пансіянатах. Некаторыя з іх наўпрост датычаць людзей пенсійнага ўзросту, піша праект «Хрызантэма».

Адна з зменаў — скарацілі спіс дакументаў, якія трэба падаць для праходжання курса сацыяльнай рэабілітацыі (абілітацыі) і пражывання ў сацыяльных пансіянатах.

Яшчэ адна навацыя — курс такой рэабілітацыі, які складае 30 дзён на працягу календарнага года, цяпер можна падзяліць на дзве часткі.

Змены закранулі таксама і прадастаўленне спецыяльных жылых памяшканняў у сацыяльных пансіянатах. Сярод іншага перагледзелі спіс тых, хто мае права на пазачарговае і першачарговае атрыманне такіх памяшканняў. Напрыклад, цяпер па-за чаргой могуць прэтэндаваць на такую паслугу ганаровыя донары.

Таксама ўвялі дадатковую падставу для часовага пражывання ў сацыяльных пансіянатах. Можна будзе аператыўна размясціць у такіх установах на тэрмін да трох месяцаў людзей пенсійнага ўзросту і інвалідаў I і II груп, калі тыя, хто ажыццяўляе за імі догляд, часова не могуць гэтага рабіць па аб'ектыўных прычынах.

Яшчэ адна змена — пашырылі спіс грамадзян, якія змогуць пражываць у сацыяльных пансіянатах бясплатна. У іх лік уключылі людзей пенсійнага ўзросту: жанчын — з 58 гадоў, а мужчын — з 63 гадоў. Раней такую паслугу бясплатна маглі атрымаць толькі тыя, каму споўнілася 65 гадоў. А тым, каму было менш гадоў, гэтая паслуга была даступная за грошы.

Апошнія навіны