Арэнда ў Мінску пайшла ўверх
- 11.06.2026, 12:09
Гэта закранула ўсе кватэры.
У Мінску другі месяц запар даражэе доўгатэрміновая арэнда жылля. Паводле дадзеных Realt, за красавік і май сярэдні кошт здымных кватэр вырас на 6%.
Пры гэтым у першым квартале 2026 года рынак дэманстраваў супрацьлеглую тэндэнцыю: цэны знізіліся прыблізна на 4%. Таму цяперашні рост часткова кампенсуе зімовае падзенне. Аднак арэнда ўсё ж такі стала даражэйшай, чым напрыканцы мінулага года. Калі тады сярэдняя стаўка складала каля 650 долараў у месяц, то па выніках мая яна дасягнула 660 долараў.
Рост цэн закрануў усе катэгорыі жылля. Найбольш прыкметна падаражэлі кватэры ў сталінках — прыкладна на 6%. Новы жыллёвы фонд, а таксама больш бюджэтныя хрушчоўкі і савецкія панэльныя дамы падаражэлі каля 4%.
Эксперты звязваюць павелічэнне кошту арэнды ў доларавым выражэнні не столькі з зменамі на рынку нерухомасці, колькі з аслабленнем амерыканскай валюты. У красавіку і маі долар патаннеў прыкладна на 6%, у той час як большасць арэндадаўцаў захоўвалі ранейшыя стаўкі ў беларускіх рублях. У выніку пры пераліку ў долары арэнда пачала выглядаць даражэй.
Такая практыка склалася пасля верасня 2021 года, калі многія ўласнікі пачалі ўказваць кошт арэнды выключна ў беларускіх рублях. Тады ўступілі ў сілу змены, згодна з якімі ў дагаворах арэнды нельга было выкарыстоўваць прывязку да замежнай валюты. Пазней высветлілася, што гэтыя патрабаванні датычыліся камерцыйнай нерухомасці, тады як пры найме жылля пэўная прывязка да валютнага эквіваленту магчыма. Тым не менш многія ўладальнікі кватэр працягнулі ўсталёўваць цэны менавіта ў нацыянальнай валюце.
Для арандатараў выгода такой схемы наўпрост залежыць ад сітуацыі на валютным рынку. Калі долар працягне таннець, кошт арэнды ў пераліку на амерыканскую валюту будзе расці. Калі ж курс пойдзе ўверх, у менш выгадным становішчы апынуцца ўжо арэндадаўцы.
Разам з тым фіксаваныя стаўкі ў беларускіх рублях дазваляюць абодвум бакам знізіць рызыкі, бо прадказаць далейшы рух валютнага рынку практычна немагчыма.