Канцэрт да «Дня Расіі» на Чырвонай плошчы адменілі ўпершыню за 20 гадоў
- 11.06.2026, 14:43
З-за пагрозы беспілотнікаў.
У Маскве ўпершыню за 23 гады адменілі канцэрт на Чырвонай плошчы з нагоды «Дня Расіі», які адзначаецца 12 чэрвеня, паведаміла выданне Msk1. Паводле яго дадзеных, мерапрыемства перанеслі ў іншае месца, а спіс заяўленых артыстаў істотна скараціўся. Першапачаткова канцэрт пад назвай «У еднасці народаў — сіла Расіі» анансавала каманда спявачкі Надзеі Бабкінай. Сярод заяўленых артыстаў былі Shaman, Ларыса Доліна, Таццяна Куртукова, Аляксандр Буйнаў і гурт Ay Yola.
Трансляцыю «вялікага святочнага канцэрта» на Чырвонай плошчы таксама запланаваў тэлеканал «Расія 1». Згодна з праграмай перадач, паказ павінен пачацца а 21:30 у пятніцу. Аднак цяпер, як піша Msk1, мерапрыемства пройдзе ў культурным цэнтры «Моссовет» на Пераабражэнскай плошчы, якая знаходзіцца на ўсходзе Масквы. Пры гэтым большасць раней заяўленых зорак «не прыедуць радаваць гледачоў», адзначае выданне. Прычыну адмены і пераносу канцэрта Msk1 не паведамляе. Да гэтага ўлады ўпершыню з 2007 года адмянілі праход вайсковай тэхнікі на парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы. У Мінабароны РФ такое рашэнне патлумачылі «бягучай аператыўнай абстаноўкай», а ў Крамлі заявілі пра «тэрарыстычную пагрозу» з боку Украіны. Адначасова перад парадам узмацніліся атакі ўкраінскіх дронаў на Маскву.
Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Расіі, пачалі праводзіць на Чырвонай плошчы ў Маскве ў 2003 годзе. Першае з іх уключала тэатралізаванае прадстаўленне, парад прадстаўнікоў рэгіёнаў Расіі, ваенны парад і канцэрт «Маладыя галасы Расіі». З тых часоў мерапрыемствы праводзіліся штогод. У 2025-м у канцэрце ўзялі ўдзел Shaman, гурт «Любэ», Мікалай Баскаў, Грыгорый Лепс, Сяргей Лазараў і Дзіма Білан.
Нягледзячы на пагрозу беспілотнікаў, на Чырвонай плошчы працягваюць праводзіць маштабныя мерапрыемствы. Так, з 4 па 7 чэрвеня на ёй прайшоў кніжны фестываль. Тым часам у ноч на 11 чэрвеня на падлёце да Масквы сілы супрацьпаветранай абароны збілі 15 украінскіх дронаў, паведаміў мэр сталіцы Сяргей Сабянін. Напярэдадні, 10 чэрвеня, вайскоўцы перахапілі побач з Масквой 31 беспілотнік.