Маркэтплэйсы ў Беларусі чакаюць новыя правілы
- 11.06.2026, 16:15
Улады хочуць узмацніць кантроль над анлайн-гандлем.
У МАРГ распавялі, якія змены рыхтуюць для сферы анлайн-гандлю. Улады маюць намер абараніць традыцыйны рознічны гандаль, «прызямліць» буйных замежных гульцоў і не страціць падаткі, якія яны павінны плаціць у Беларусі. Пра гэта ў эфіры прапагандысцкага тэлеканала «Беларусь 1» заявіла намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана Караткевіч.
Паводле слоў прадстаўніцы ведамства, у 2024 годзе ўдзельная вага анлайн-гандлю ў рознічным тавараабароце складала амаль 12%. Паводле вынікаў 2025 года гэты паказчык будзе вышэй, а да 2030-га можа дасягнуць 30%.
«Мы бачым існуючыя праблемы», — адзначыла Святлана Караткевіч.
Для падрыхтоўкі новых правілаў была створаная спецыяльная рабочая група. Яна распрацавала законапраект і пакет прапаноў, якія ўжо накіраваныя на разгляд у ўрад. У дакуменце плануюць удакладніць механізмы абароны правоў спажыўцоў, а таксама адказнасць удзельнікаў лічбавых платформаў.
Асобны блок прапаноў датычыць уплыву буйных гульцоў на рынак і захавання ўмоў для працы традыцыйнага рознічнага гандлю.
«Я думаю, што і ў частцы манапалізацыі рынку інтэрнэт-гандлю буйнымі гульцамі будуць дадаткова ўстаноўлены тыя крытэрыі, якія, у тым ліку, забяспечаць бяспечнае развіццё нашага афлайн-гандлю», — сказала намесніца міністра.
Акрамя таго, у праекце гаворыцца пра неабходнасць «прызямліць» замежныя лічбавыя платформы. Як патлумачыла прадстаўніца МАРГ, адзін з ключавых напрамкаў будучага рэгулявання — уключэнне замежных кампаній, якія працуюць на беларускім рынку праз інтэрнэт, у нацыянальнае прававое поле.
Гаворка ідзе не толькі пра маркэтплэйсы, але і пра іншыя анлайн-сэрвісы і лічбавыя платформы, якія ўплываюць на ўмовы вядзення бізнесу і ўзаемадзеянне са спажыўцамі.
У сваю чаргу намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Яськова адзначыла, што ў падрыхтоўваным дакуменце не плануецца ўводзіць прынцыпова новыя нормы па падаткаабкладанні.
«Наша мэта — стварыць роўныя ўмовы і не ўпусціць той падатак, які замежныя пляцоўкі, рэалізуючы тут тавар, павінны сплачваць на тэрыторыі Беларусі», — заявіла яна.