BE RU EN

Хакеры, звязаныя з Беларуссю, шпіёняць за дзяржаўнымі структурамі Украіны

  • 11.06.2026, 17:41

FrostyNeighbor атакуе ведамствы з дапамогай фішынгавых лістоў.

Хакерская групоўка FrostyNeighbor, якую звязваюць з Беларуссю, з сакавіка 2026 года вядзе кібершпіёнаж супраць дзяржаўных устаноў Украіны. Пра гэта гаворыцца ў новым даследаванні міжнароднай кампаніі па кібербяспецы ESET.

FrostyNeighbor таксама вядомая пад назвамі Ghostwriter і UNC1151. Паводле звестак ESET, гэта адна з найбольш актыўных кібершпіёнскіх груповак ва Усходняй Еўропе. Яе мэтамі становяцца дзяржаўныя ўстановы, ваенныя структуры і стратэгічна важныя галіны, часцей за ўсё ва Украіне, Польшчы і Літве.

Цяпер FrostyNeighbor выкарыстоўвае фішынгавыя лісты з прыкладзенымі PDF-файламі. У адным з такіх дакументаў нібыта змяшчалася паведамленне ад украінскага аператара сувязі «Укртелеком». Унутры файла была спасылка, якая імітавала пераход да афіцыйнага дакумента.

Калі зламыснікі вызначаюць, што IP-адрас карыстальніка знаходзіцца ва Украіне, ахвяры адпраўляюць архіў са шкоднасным файлам JavaScript. Пасля яго запуску на экране адкрываецца легітымны дакумент, але адначасова пачынаецца наступны этап заражэння — устаноўка загрузчыка PicassoLoader.

PicassoLoader збірае інфармацыю пра сістэму: імя карыстальніка, назву камп'ютара, версію аперацыйнай сістэмы, час запуску прылады і спіс запушчаных працэсаў. Гэтыя даныя рэгулярна перадаюцца на сервер зламыснікаў.

Як адзначае ESET, пасля праверкі сабранай інфармацыі групоўка вырашае, ці ўяўляе ахвяра цікавасць. Калі так, на камп'ютар можа быць дастаўлены наступны кампанент атакі — інструмент на базе Cobalt Strike, які дазваляе атрымаць аддалены кантроль над сістэмай і выкарыстоўваць яе для шпіянажу.

У ESET падкрэсліваюць, што FrostyNeighbor пастаянна ўдасканальвае метады атак. Новая схема сведчыць пра высокі ўзровень падрыхтоўкі групоўкі. На думку кампаніі, дзейнасць FrostyNeighbor пацвярджае, што кібергрупы, звязаныя з Беларуссю, захоўваюць цікавасць да дзяржаўных структур і стратэгічных аб'ектаў у краінах Усходняй Еўропы.

Апошнія навіны