Аляксей Хлястоў апублікаваў у сацсетках першае пасля вызвалення відэа
- 11.06.2026, 18:08
Спявак падзякаваў усім за словы падтрымкі і салідарнасці.
Аляксей Хлястоў апублікаваў сторыс у Instagram, у якім расказаў, што зноў пачынае выходзіць у «медыяпрастору», бо засумваў па сваіх падпісчыках.
Спявак падзякаваў усім за словы падтрымкі і салідарнасці. Хлястоў паведаміў, што цяпер знаходзіцца за горадам, а са здароўем у яго ўсё ў парадку.
— Патроху пачынаю выходзіць у медыяпрастору. Я засумваў па вас, вельмі вас люблю. Усім добрага дня, — звярнуўся да сваіх падпісчыкаў выканаўца.
Нагадаем, пра затрыманне Аляксея Хлястова стала вядома 22 мая. Пазней ягоная жонка Алена паведаміла, што спявака прызналі вінаватым паводле артыкула аб дробным хуліганстве і прызначылі 14 сутак адміністрацыйнага арышту. Артыст трапіў на Акрэсціна.
Пасля гэтага ў профілі Аляксея Хлястова ў сацсетцы Threads з’явілася відэа, якое ён загадзя запісаў на выпадак, калі не вернецца дадому. У ім ён распавёў, што яго ўжо двойчы выклікалі на «прафілактычныя гутаркі» ў ГУБАЗіК, ГУУС і транспартную інспекцыю.
Аляксей Хлястоў выйшаў на волю 4 чэрвеня.