Кіпр закрывае візавыя цэнтры ў Расіі
- 12.06.2026, 4:46
Падрабязнасці.
Кіпр спыняе працу сваіх візавых цэнтраў у Расіі і з 15 чэрвеня пераносіць прыём заяў на нацыянальныя візы выключна ў кансульскія ўстановы. Пра гэта паведаміла пасольства краіны.
Так, з 15 чэрвеня падаць дакументы на атрыманне візы можна будзе толькі непасрэдна ў кансульскім аддзеле пасольства Кіпра ў Маскве, а таксама ў генеральных кансульствах у Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу і Краснадары.
У дыпмісіі патлумачылі, што 13 чэрвеня прыём заяў праз візавыя цэнтры BLS International будзе спынены з-за сканчэння тэрміну дзеяння дамовы. Заяўнікі, якія падалі дакументы да 11 чэрвеня, змогуць атрымаць пашпарты ў цэнтрах, дзе былі пададзеныя заявы.
У пасольстве адзначылі, што разлічваюць у найбліжэйшы час падпісаць новую дамову з вонкавым аператарам візавых паслуг.
Кіпр уваходзіць у Еўрапейскі саюз, але не з’яўляецца часткай Шэнгенскай зоны і выдае ўласныя нацыянальныя візы.
Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны Кіпр узмацніў кантроль за расійскім капіталам і захаваннем санкцый Еўрапейскага саюза. Улады рэспублікі сумесна з ФБР праводзілі праверкі расійскіх бізнесменаў і іх фінансавых структур.
Таксама Кіпр перагледзеў рашэнне аб прадастаўленні грамадзянства па праграме «залатых пашпартоў». За мінулыя гады грамадзянства Кіпра былі пазбаўленыя дзясяткі інвестараў і членаў іх сем’яў, у прыватнасці Дзерыпаска, Гуцэрыеў, Кесаеў, Кузьмічаў, Панамарэнка, Машковіч і Ламакін.