Axios: ЗША і Іран блізкія да мірнага пагаднення
- 12.06.2026, 9:57
З'явіліся першыя падрабязнасці «Мэмарандума аб узаемаразуменні».
.
ЗША і Іран узгаднілі тэкст папярэдняга пагаднення. Яно, у прыватнасці, прадугледжвае падаўжэнне рэжыму спынення агню на 60 дзён і змякчэнне санкцый супраць Тэгерана.
Пра гэта паведамляе Axios.
Паводле звестак выдання, дакумент, які можа быць падпісаны ў бліжэйшыя дні, з'яўляецца «Мэмарандумам аб узаемаразуменні».
Пагадненне прадугледжвае неадкладнае адкрыццё Армузскага праліву, змякчэнне санкцый супраць Ірана і падаўжэнне рэжыму спынення агню на 60 дзён, уключаючы Ліван.
Згодна з мэмарандумам, Іран абавязваецца ніколі не ствараць ядзерную зброю і ўрэгуляваць пытанне сваіх запасаў узбагачанага ўрану. Узамен ЗША пачнуць паэтапнае змякчэнне санкцый, якое будзе залежаць ад выканання Тэгеранам умоваў пагаднення.
Паводле Axios, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагадзіўся, што адным з варыянтаў вырашэння праблемы можа стаць разбаўленне высокаўзбагачанага іранскага ўрану на тэрыторыі краіны пад кантролем інспектараў ААН.
Дакумент таксама прадугледжвае аднаўленне даваенных аб'ёмаў суднаходства праз Армузскі праліў цягам 30 дзён пасля падпісання і спынення амерыканскай блакады.
У той жа час выданне адзначае, што заява Трампа пра завяршэнне пагаднення стала нечаканасцю для прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху.
Паводле слоў амерыканскай крыніцы, у апошнія дні Нетаньяху заставаўся ў неведанні і звязваўся з саюзнікамі, блізкімі да адміністрацыі Трампа, спрабуючы атрымаць інфармацыю.
Дыпламат адной з краін-пасярэднікаў паведаміў Axios, што ЗША і Іран узгаднілі тэкст пагаднення, аднак яно ўсё яшчэ патрабуе канчатковага зацвярджэння.
Паводле крыніц, дакумент ужо атрымаў ухвалу на высокім узроўні ў Тэгеране, але, верагодна, яшчэ не зацверджаны вярхоўным лідарам Ірана Маджтабай Хаменеі.
Калі пагадненне будзе падпісана, яно можа атрымаць назву «Ісламабадскае пагадненне».
Паводле Axios, учора, 11 чэрвеня, чатыры ваенна-транспартныя самалёты ВПС ЗША C-17 вылецелі ў Еўропу, дастаўляючы абсталяванне для магчымай паездкі віцэ-прэзідэнта Джэя Дзі Вэнса на цырымонію падпісання пагаднення ў Жэневе ў бліжэйшыя дні.