Мазгі айцоў сур'ёзна змяняюцца ў першыя тыдні пасля нараджэння дзіцяці
- 12.06.2026, 11:32
Пра гэта паведамілі нямецкія вучоныя.
Мацярынства глыбока перабудоўвае мазгі — яно ўзмацняе эмпатыю, здольнасць выконваць некалькі задач адначасова і гатоўнасць адаптавацца да любой сітуацыі. Гэтыя змены, якія дапамагаюць маці ўсталёўваць сувязь з дзіцём і абараняць яго, з'яўляюцца часткай прыродных працэсаў і даўно вядомыя вучоным, піша «Еўрапульс».
Але высветлілася, што гэтыя перамены закранаюць і айцоў. Першыя месяцы пасля нараджэння дзіцяці могуць стаць для іх перыядам не толькі эмацыйных узрушэнняў, але і біялагічнай адаптацыі.
Новае даследаванне вучоных з Рэйнска-Вестфальскага тэхнічнага ўніверсітэта Ахена (Германія) паказала, што найбольш моцна мазгі маладых айцоў змяняюцца ў першыя тыдні пасля нараджэння дзіцяці. У гэты час перабудоўваюцца нейронныя сеткі — узмацняюцца сувязі з абласцямі, адказнымі за эмоцыі і ўвагу.
Найбольшых зменаў перажывае вобласць мазгоў, звязаная з так званым «выяўленнем значнасці» — яна дапамагае вылучыць найважнейшую інфармацыю і зразумець, як правільна на яе адрэагаваць.
Справа ў тым, што новым бацькам штодня даводзіцца сутыкацца з цэлым патокам кагнітыўных задач — плач немаўляці і выраз яго твару патрабуюць хуткай інтэрпрэтацыі. Вынікі даследавання сведчаць, што мазгі айцоў могуць падладжвацца менавіта пад гэты паток сігналаў. Мяняецца і міндалінападобнае цела — невялікая вобласць мазгоў, якая апрацоўвае эмоцыі і ўзмацняе запамінанне эмацыйна значных падзей.
Як адзначаюць вучоныя, атрыманыя імі даныя ўпісваюцца ў уяўленне пра так званую «бацькоўскую сістэму догляду» — набор нейронных ланцугоў чалавека, якія адказваюць за клопат пра дзіця, эмпатыю, увагу і здольнасць спраўляцца з эмоцыямі.
Маці і бацькі, гаворыцца ў даследаванні, прыходзяць да падобных зменаў у мазгах рознымі біялагічнымі шляхамі. Калі цяжарнасць змяняе мазгі маці праз гарманальныя працэсы, то мазгі айцоў пачынаюць змяняцца пасля таго, як узнікае пачуццё адказнасці за дзіця і патрэба штодня пра яго клапаціцца.