У ядры Зямлі адбылося загадкавае змяненне
- 12.06.2026, 21:15
Даследчыкі пакуль не могуць дакладна растлумачыць гэтую з'яву.
Глыбока пад паверхняй планеты зафіксавана нечаканая змена руху патокаў расплаўленага жалеза ў вонкавым ядры Зямлі. Даследчыкі кажуць, што гэта можа быць часткай натуральнага цыклу, які ўплывае на магнітнае поле планеты, але дакладнага тлумачэння гэтай з'яве пакуль няма. Пра гэта гаворыцца ў новым даследаванні навукоўцаў з Эдынбургскага ўніверсітэта.
Паводле дадзеных навукоўцаў, паток вадкага жалеза на глыбіні каля 1400 міль (боль за 2200 км) пад Ціхім акіянам змяніў кірунак руху.
Як паказаў аналіз даных за перыяд з 1997 па 2025 год, прыкладна ў 2010 годзе шырокая вобласць расплаўленага матэрыялу перайшла ад павольнага руху на захад да значна больш інтэнсіўнага руху на ўсход.
Гэты працэс адбываецца ў вонкавым ядры Зямлі — слоі, які адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні магнітнага поля планеты.
Чаму гэта важна для Зямлі
Магнітнае поле Зямлі абараняе планету ад сонечнай радыяцыі. Яно ўзнікае менавіта дзякуючы руху расплаўленага жалеза ў вонкавым ядры.
Навукоўцы адзначаюць, што такія змены могуць уплываць на доўгатэрміновую дынаміку магнітнага поля, якое пастаянна змяняецца і ніколі не бывае цалкам стабільным.
Вядучы аўтар даследавання Фрэдэрык Даль Мадсэн адзначыў, што зафіксаваная з'ява ставіць новыя пытанні адносна паводзінаў глыбінных слаёў планеты.
Навукоўцы пакуль разглядаюць некалькі версій: гэта можа быць кароткачасовае ваганне, частка цыклічнага працэсу або новая стабільная форма цыркуляцыі ўнутры ядра.
Спрэчкі сярод навукоўцаў
Даследчыкі з Еўрапейскага касмічнага агенцтва таксама пацвярджаюць, што вынікі ставяць пад сумнеў уяўленні пра стабільны характар патокаў у вонкавым ядры.
Яны мяркуюць, што змены могуць адбывацца значна хутчэй, чым лічылася раней, — усяго за некалькі дзесяцігоддзяў.
Ці ёсць пагроза для людзей
Навукоўцы падкрэсліваюць, што гэтыя працэсы адбываюцца на велізарнай глыбіні і не нясуць непасрэднай небяспекі для людзей або клімату.
У той жа час яны важныя для разумення працы планеты, у прыватнасці механізму фарміравання магнітнага поля, якое ўплывае на навігацыю, спадарожнікі і касмічнае надвор'е.
Апошнія назіранні паказваюць, што ўсходні паток у ядры можа зноў слабнуць, што яшчэ больш ускладняе разуменне працэсаў у нетрах Зямлі.
Навукоўцы мяркуюць, што гэта можа быць часткай доўгага прыроднага цыклу, які дагэтуль застаецца недастаткова вывучаным.