У Польшчы двух чалавек узялі пад варту ў сувязі з забойствам мастака Сямёна Скрэпецкага
- 16.06.2026, 12:07
Падазраваны ў забойстве дагэтуль на волі.
У Польшчы затрымалі трох чалавек у сувязі з забойствам у горадзе Бяла-Падляска расійскага апазіцыйнага мастака Сямёна Скрэпецкага, вядомага сваімі антыпуцінскімі карыкатурамі.
Пра гэта піша RMF FM.
Двое з гэтых асоб знаходзяцца пад вартай, аднаго адпусцілі на волю.
Адзін з затрыманых — чалавек, які займаецца пасажырскімі перавозкамі.
Следчыя паведамілі, што дагэтуль не ўдалося затрымаць чалавека, падазраванага ў забойстве.
Да пошукаў далучыліся супрацоўнікі крымінальнага аддзела ваяводскай паліцыі ў Любліне.
Расіяніна забілі ў панядзелак, 15 чэрвеня, незадоўга да 10:00. На вуліцы Каралевы Ядвігі невядомы злачынца зрабіў некалькі стрэлаў у бок мінака.
Нягледзячы на хуткую дапамогу з боку выратавальных службаў, ахвяра памерла на месцы. Нібыта злачынца зрабіў некалькі стрэлаў з блізкай адлегласці, а затым стрэліў у мужчыну, які ўжо ляжаў на зямлі.
Ахвярай аказаўся 44-гадовы грамадзянін Расіі Сямён Скрэпецкі, аўтар антыпуцінскіх карыкатур, які ў 2021 годзе эміграваў у Польшчу.
Яшчэ мінулай пятніцай мастак удзельнічаў у акцыі перад пасольствам Расіі ў Берліне.