Расія страчвае кампаненты ядзернай трыяды
- Аляксандр Каваленка
- 16.06.2026, 12:42
Толькі з 2024 года гэта ўжо чацвёртая страта.
У Іркуцкай вобласці Расіі пацярпеў крушэнне стратэгічны бомбардзіроўшчык Ту-22М3. Факт падзення самалёта афіцыйна пацвердзілі ў Міністэрстве абароны РФ. Паводле версіі Масквы, ракетаносец выконваў палёт без боекамплекта і ўпаў падчас заходу на пасадку ў рамках нібыта «планавага вучэбна-трэніровачнага палёту». Але на што асабліва варта звярнуць увагу?
Стратэгічных ракетаносцаў-бомбардзіроўшчыкаў Ту-22М3 у арміі РФ на пачатак 2022 года налічвалася 51. З іх у лятным, баяздольным стане было каля 29 самалётаў. З улікам праведзеных з 2022 года ўкраінскімі спецслужбамі аперацый, а таксама катастрофаў, што адбыліся па тэхнічных прычынах, ВКС РФ страцілі за час поўнамаштабнага ўварвання не менш як 21 самалёт.
Такім чынам, сярод лятных, баяздольных самалётаў у расіянаў пасля сённяшняга інцыдэнту, які стаў наступствам павышанага зносу і без таго старых і зношаных бортаў, знаходзіцца 7–8 самалётаў, стан якіх таксама выклікае шэраг пытанняў.
У сваю чаргу, вытворчасць Ту-22М3 у Расіі мае імітацыйны характар. То бок, з савецкіх запасаў фюзеляжаў, што засталіся пасля распаду СССР, збіраюць нібыта новыя самалёты. Насамрэч гэта дасборка «не здзейсненых» на мяжы канца 1980-х — пачатку 1990-х машын. Магчымасць жа Расіі сёння вырабляць абсалютна новыя Ту-22М3 на аснове новых фюзеляжаў — дыскусійная і, праўду кажучы, выклікае скепсіс.
У сваіх матэрыялах я неаднаразова звяртаў увагу, што павялічаная эксплуатацыя гэтых самалётаў не па прызначэнні (бо Ту-22М3, Ту-95МС і Ту-160 — гэта перш за ўсё стратэгічныя ракетаносцы-бомбардзіроўшчыкі, што ўваходзяць у склад ядзернай трыяды, але выкарыстоўваюцца ў рэжыме вырашэння аператыўна-тактычных або нават элементарна тактычных задач) прывядзе да іх хуткага зносу і росту страт праз тэхнічныя няспраўнасці. То бок, урэшце ў пэўны момант часу Расія можа застацца цалкам без авіяцыйнай кампаненты ядзернай трыяды! І...
Так і адбываецца.
Толькі з 2024 года гэта ўжо чацвёртая страта Ту-22М3 праз тэхнічную няспраўнасць!
У пэўны момант лятных бортаў не застанецца зусім. Як і з Ту-95МС, і з Ту-160.
Аляксандр Каваленка, unian.net