BE RU EN

G7 дамовілася ўзмацніць ціск на Расію

  • 16.06.2026, 16:07

Лідары «сямёркі» таксама пагадзіліся падтрымаць Украіну сродкамі супрацьпаветранай абароны.

Лідары краін G7, якія сустрэліся сёння ў Францыі, дамовіліся «ўзмацніць ціск» на Маскву з дапамогай энергетычных санкцый, паведамляе французскае агенцтва AFP са спасылкай на дыпламатычную крыніцу.

Згода ў гэтым пытанні была дасягнута ў французскім горадзе Эвіян-ле-Бэн на палях саміту G7, дзе сёння адбылася паўтарагадзінная працоўная сустрэча лідараў «сямёркі» і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пад назвай Забеспячэнне міру і бяспекі для Украіны і Еўропы.

«Лідары дамовіліся ўзмацніць ціск на Расію, у прыватнасці з дапамогай санкцый адносна нафты і газу», — цытуе AFP свайго суразмоўцу ў дыпламатычных колах.

Паводле звестак агенцтва, лідары краін таксама дасягнулі згоды ў тым, каб «падтрымаць цяперашні імпульс [на карысць Украіны на полі бою], прадаставіўшы Украіне сродкі супрацьпаветранай абароны, сродкі для лепшай абароны і сродкі для замацавання дасягненняў [на фронце]».

15–17 чэрвеня ў французскім горадзе Эвіян-ле-Бэн на беразе Жэнеўскага возера праходзіць трохдзённы саміт G7. Ён сабраў лідараў сямі самых уплывовых дзяржаў свету — Вялікабрытаніі, Канады, Германіі, Італіі, Францыі, Японіі, Злучаных Штатаў — а таксама Еўрапейскага саюза.

На другі дзень саміту, 16 чэрвеня, адбылася сустрэча, прысвечаная Украіне, з удзелам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Перад ёй адбылася кароткая двухбаковая сустрэча Зяленскага з гаспадаром саміту, прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, і трохбаковая закулісная сустрэча — з Макронам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Трамп назваў яе «вельмі добрай» і заявіў, што Расія павінна заключыць пагадненне. Зяленскі ж паведаміў, што гаварыў з Трампам пра магчымасць атрымання ліцэнзіі на вытворчасць супрацьракетных сістэм і ракет.

Вайна Расіі супраць Украіны з’яўляецца адной з ключавых тэм саміту. Раней міжнародныя СМІ прагназавалі, што сусветныя лідары разам з Зяленскім паспрабуюць пераканаць Дональда Трампа схіліць Расію да перамоваў на аснове пяці ўмоў справядлівага міру, якія раней узгаднілі з Украінай лідары Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі.

Апошнія навіны