Джым Кэры задумаўся пра магчымасць зноў згуляць Грынча
- 19.06.2026, 22:07
Да працы над працягам карціны таксама можа вярнуцца рэжысёр арыгінальнага фільма.
Амерыканскі акцёр Джым Кэры можа зноў згуляць Грынча ў сіквеле фільма «Грынч — выкрадальнік Калядаў». Перамовы пра вяртанне акцёра да ролі вядуць студыя Universal Pictures і кампанія Imagine Entertainment, паведамляе The Hollywood Reporter.
Паводле звестак выдання, да працы над сіквелам таксама можа вярнуцца рэжысёр арыгінальнай карціны Рон Хаўард. Ён выступіць рэжысёрам і прадзюсарам стужкі разам з Браянам Грэйзерам.
Сцэнар сіквела пішуць Алек Берг, Джэф Шафэр і Дэвід Мэндэль, якія раней працавалі над экранізацыямі твораў «Доктар Сьюс».
Фільм «Грынч — выкрадальнік Калядаў» выйшаў у 2000 годзе і стаў самым касавым рэлізам года ў ЗША, сабраўшы $260 млн у нацыянальным пракаце і $345 млн па ўсім свеце. Карціна атрымала прэмію «Оскар» за найлепшы грым.
Паводле дадзеных аналітычнай кампаніі Nielsen, стужка застаецца адным з самых папулярных калядных фільмаў на струменявых сэрвісах. Напрыканцы 2025 года яна саступіла па праглядах сярод святочнага кантэнту толькі фільму «Адзін дома».