BE RU EN

У Беларусі ўстаноўлены рэкорд па продажах электрамабіляў

  • 2.06.2026, 14:30

За месяц рынак новых электрамабіляў вырас амаль на 47%.

Рынак новых легкавых аўтамабіляў у Беларусі працягвае расці: у маі ў краіне прадалі 8,1 тыс. новых машын, пра гэта паведамілі у Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

Паводле дадзеных БАА, паказчык мая на 21,5% большы, чым у красавіку. Тады ён складаў 6,7 тыс. новых легкавых аўтамабіляў. Продажы аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання за месяц выраслі ўсяго на 2%, тады як гібрыдаў – адразу на 50%, а электрамабіляў – на 47%.

У маі беларусы купілі 3,5 тыс. новых электрамабіляў – гэта рэкордны паказчык за ўвесь час назіранняў на рынку новых аўто. Павялічыліся і продажы гібрыдных мадэляў – у гэтым сегменце прададзена каля 600 машын Belgee.

Завод «БелДжы» паказаў рэкордныя вынікі. У маі было прададзена 4250 аўтамабіляў марак Belgee і Geely – гэта найлепшы вынік за ўсю гісторыю прадпрыемства.

Моцны рост у сегменце электрамабіляў паказаў брэнд Dongfeng. Продажы маркі за месяц павялічыліся амаль у тры разы, а аб'ём рэалізацыі дасягнуў 1,4 тыс. аўтамабіляў.

Тым часам на рынак вярнуўся Haval. Пасля аднаўлення паставак брэнд увайшоў у топ-5 найбольш прадаваных марак сярод аўто ў сегменце ДВЗ.

Эксперты звязваюць рост попыту на гібрыды з развіццём лакальнай вытворчасці, а папулярнасць электрамабіляў – з дзеючымі льготамі для такога транспарту.

Апошнія навіны