Паблізу Стоўнхэнджа выявілі загадкавую пабудову
- 20.06.2026, 17:14
Яе стварылі на 500 гадоў раней за знакамітыя камяні.
Група археолагаў выявіла старажытную пабудову за 5 км ад Стоўнхэнджа. Паводле папярэдніх даных, знаходка датуецца прыблізна 5000 годам да н. э., што на 500 гадоў раней, чым была ўзведзеная гэтая маналітная пабудова.
Аб’ект выявілі недалёка ад горада Булфард у графстве Уілтшыр падчас археалагічных раскопак перад пачаткам будаўніцтва жылля для вайскоўцаў. Спачатку знаходка здавалася нязначнай, але грунтоўнае даследаванне цалкам змяніла ўяўленні вучоных пра цырымоніяльны ландшафт вакол Стоўнхэнджа, паведамляе Wessex Archaeology.
«Гэта, верагодна, адна з самых значных знаходак у маім жыцці. І важна менавіта тое, наколькі яна старажытная. Да гэтага нашы веды грунтаваліся на самім Стоўнхэнджы, але тое, што мы знайшлі ў Булфардзе, на 500 гадоў старажытней за знакамітыя камяні», — кажа містэр Хардынг.
Вучоныя выявілі пабудову з двух драўляных слупоў, размешчаных на адлегласці 120 метраў адзін ад аднаго. Старажытныя будаўнікі спецыяльна выраўнялі іх так, каб яны дакладна ўказвалі на ўсход сонца ў дзень летняга сонцастаяння і на захад сонца ў дзень зімовага сонцастаяння.
Ад саміх слупоў сёння нічога не засталося, акрамя ям, дзе яны калісьці стаялі. Адпаведнасць сонцастаянню пацвердзіў вядомы археолаг-астраном Фабіу Сілва, правёўшы рэканструкцыю старажытнага неба, ландшафту і гарызонту, а таксама вызначыўшы дакладнасць адпаведнасці да аднаго градуса.
Старшы навуковы супрацоўнік Wessex Archaeology доктар Мэт Лейвелз патлумачыў, што цяпер гэта «мяняе ўяўленне пра сонцастаянне», бо, паводле адной з версій, вядомы комплекс маналітаў быў звязаны з рэдкім сонечным культам. На думку вучонага, гаворка ідзе пра «рэлігію, пра тое, як старажытныя людзі разумелі космас і сваё месца ў свеце». Гэта, верагодна, быў іх спосаб папрасіць багоў захаваць іх у бяспецы і цяпле.
«Гэта адкрыццё дапамагае нам разумець Стоўнхэндж не як адзінкавае тварэнне, а як частку значна больш працяглага дыялогу паміж людзьмі, зямлёй і небам. Цяпер відавочна, што Стоўнхэндж паўстаў з традыцый, карані якіх значна глыбей караняцца ў гэтым ландшафце», — патлумачыў сутнасць адкрыцця доктар Сілва.