BE RU EN

Культавая кніга Рэя Брэдберы выходзіць на беларускай мове

  • 21.06.2026, 20:15

Старт продажаў — 23 ліпеня.

Выдавецтва «Янушкевіч» выдае па-беларуску «Віно з дзьмухаўцоў» Рэя Брэдберы, аднаго з класікаў сусветнай літаратуры. Пра гэта выдавецтва паведаміла у сваіх сацыяльных сетках.

«У цэнтры сюжэту — дванаццацігадовы Даглас Сполдынг, які жыве ў ціхім гарадку Грынтаўн. Праз прызму дзіцячага ўспрымання звычайныя летнія будні ператвараюцца ў чараду дзіўных адкрыццяў, прыгод і першых важных жыццёвых урокаў. Галоўным сімвалам становіцца дзядулева віно з дзьмухаўцоў — своеасаблівая капсула часу, што захоўвае сонечныя дні», — нагадвае «Янушкевіч» пра сюжэт гэтага твора, які ўпершыню выйшаў яшчэ ў 1957 годзе.

Старт продажаў — 23 ліпеня. Да 20 ліпеня кнігу можна замовіць па цане 53,90 злотых (каля 40 беларускіх рублёў), пасля выхаду — 59,90 злотых (каля 45 беларускіх рублёў). Выдавецтва з меркаванняў бяспекі не называе прозвішча перакладчыка. У сакавіку 2026 года кааліцыю выдавецтваў, у якую ўваходзіць «Янушкевіч», унеслі ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў». Таму замаўляць кнігу Брэдберы з Беларусі небяспечна. Але вы можаце набыць яе, калі жывяце за мяжой.

Апошнія навіны