Назвалі гародніну, якая дапамагае падоўжыць маладосць
- 22.06.2026, 14:36
Яна запавольвае ўзроставую страту цягліц.
Кітайскія вучоныя высветлілі, што рэчывы з брокалі ў спалучэнні з амінакіслатой лейцынам могуць запавольваць ўзроставую страту цягліцавай масы. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nutrients.
Праца была прысвечаная саркапеніі — узроставаму зніжэнню цягліцавай масы і сілы, якое лічыцца адной з галоўных прычын слабасці і зніжэння рухомасці ў пажылым узросце. У эксперыменце вучоныя на працягу васьмі тыдняў давалі мышам пептыды, вылучаныя з брокалі, лейцын або камбінацыю гэтых рэчываў.
У арганізме чалавека і жывёл лейцын уключаецца ў пептыдныя ланцужкі, фарміруючы структуры цягліц, скуры, унутраных органаў. Таксама ён стымулюе сакрэцыю інсуліну, паскарае гаенне ран і аднаўленне тканак пасля мікратраўмаў і ўдзельнічае ў вытворчасці антыцелаў — бялкоў, якія нейтралізуюць патагены.
Найлепшы вынік у эксперыменце паказала менавіта сумеснае прымяненне брокалі і лейцыну. У жывёл, якія атрымлівалі такую камбінацыю, захоўвалася больш цягліцавай масы, павышаліся сіла сціску і вытрываласць, а таксама назіралася лепшая пераноснасць фізічных нагрузак у параўнанні з іншымі групамі.
Аналіз тканак паказаў, што спалучэнне брокалі і лейцыну не толькі аслабляла прыкметы цягліцавай атрафіі, але і актывавала гены, звязаныя з ростам і аднаўленнем цягліцавых валокнаў. Адначасова ў мышэй зніжалася актыўнасць запаленчых працэсаў і механізмаў, якія запускаюць разбурэнне цягліц.
Аўтары працы лічаць, што злучэнні з брокалі ў спалучэнні з лейцынам могуць стаць асновай новых харчовых падыходаў для прафілактыкі ўзроставай страты цягліц і падтрымання фізічнай актыўнасці ў пажылым узросце. Пакуль вынікі атрыманыя толькі на жывёлах, аднак яны паказваюць, што звычайныя харчовыя кампаненты могуць уплываць на працэсы старэння цягліцавай тканіны.