BE RU EN

«Унікальны выпадак»: у Мінску сустрэлі птушку з Чырвонай кнігі

  • 23.06.2026, 11:01

Яна гуляла каля «Мінск-Міра».

У панядзелак, 22 чэрвеня, чытач onlíner падзяліўся рэдкім здымкам. На фота, зробленым тым жа ранкам, патрапіў чорны бусел. Яго заўважылі ў лясапаркавай зоне паміж вуліцай Асаналіева і раёнам «Мінск-Мір». Вялікая ўдача сустрэць гэтую птушку нават у дзікай прыродзе, не кажучы ўжо пра цэнтр горада.

Чорны бусел лічыцца рэдкім відам ва ўсіх краінах, дзе ён жыве. У Беларусі ён занесены ў Чырвоную кнігу. Дарэчы, у 2026-м менавіта чорны бусел быў названы птушкай года.

Па каментар журналісты звярнуліся да заолага кампаніі «Дзікая прырода» Аляксандра Вінчэўскага. Спецыяліст адразу выказаў здагадку, што бусел мог выляцець з заапарка: занадта выключная сітуацыя. Аднак разгледзець кальцо на назе птушкі не ўдалося.

— Вядома, гэта ўнікальны выпадак! Пралётаць над Мінскам яны могуць, але каб сесці ў горадзе... Маладыя птушкі яшчэ не зляцелі з гнёздаў. Хутчэй за ўсё, гэта малады бусел, які вярнуўся з Афрыкі. Яны пачынаюць размнажацца ў 5—6 гадоў, але і да гэтага штогод прылятаюць з поўдня на радзіму. Думаю, гэта адна з такіх птушак. Каб дарослая заляцела ў горад? Не ўяўляю такога. Яны наогул не любяць людзям паказвацца, баяцца. Звычайна палююць у лесе, на каналах і рэчках. Вядуць патаемны лад жыцця.

Таксама Аляксандр адзначыў, што нярэдка за чорных буслоў прымаюць белых, выпацканых у мазуце. Адметная рыса менавіта чорных — голая чырвоная скура вакол вачэй.

У адрозненне ад свайго белага сваяка, чорны бусел ніколі не ўтварае калоній і не селіцца бліжэй чым за кіламетр ад суседа. Улюбёнае месца жыхарства — буйныя дубы, асіны або сасны з тоўстымі галінкамі. Дрэвы павінны быць трывалымі, каб вытрымаць гняздо вагой у некалькі соцень кілаграмаў. Акрамя таго, важная пышная крона, якая зможа ўкрыць сям'ю ад драпежных птушак.

Як распавёў заолаг, гнёзды могуць выкарыстоўвацца дзесяцігоддзямі. Так, у Беларусі ёсць гняздо, у якім чорныя буслы жывуць ужо амаль 20 гадоў.

Апошнія навіны