У Расіі дэфіцыт паліва ахоплівае і Сібір
- 23.06.2026, 11:08
За суткі ўжо шэсць рэгіёнаў абвясцілі пра ліміты.
Губернатар Навасібірскай вобласці Расіі Андрэй Траўнікаў абвясціў пра ўвядзенне абмежаванняў на адпуск паліва на аўтазаправачных станцыях рэгіёна.
«У сувязі з увядзеннем абмежаванняў на адпуск паліва на АЗС у некаторых суседніх рэгіёнах відавочна, што, каб не дапусціць спекулятыўнага попыту, нам таксама давядзецца пайсці на такое рашэнне. Даручыў мінпрамгандлю рэгіёна правесці перамовы з уладальнікамі сетак АЗС, каб выпрацаваць на працягу дня аднолькавую пазіцыю па гэтым пытанні», – напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
Як адзначаюць «Сібір.Рэаліі», за мінулыя суткі продаж паліва абмежавалі таксама ў Варонежскай, Іркуцкай, Омскай і Саратаўскай абласцях і Краснадарскім краі.
Кіраўнік Уладзімірскай вобласці РФ Аляксандр Андрэеў увечары 22 чэрвеня заклікаў жыхароў скараціць паездкі на аўтамабілях і купляць паліва толькі ў выпадку неабходнасці. Ён заявіў, што ў канцы мінулага тыдня толькі «асобныя кампаніі» адчувалі «праблемы з лагістыкай», але з-за «ажыятажнага попыту», як ён сцвярджае, «нават на АЗС, дзе пастаўкі паліва ішлі па плане, з’явіліся чэргі, пачаўся рост цэн».
Кіраўнік Паўночнай Асетыі Сяргей Меняйло заклікаў сфарміраваць «недатыкальны запас паліва» на фоне дэфіцыту.
Паліўны крызіс у рэгіёнах Расіі і анексаваным Крыме ўзнік на фоне атак украінскай арміі на расійскія нафтавыя аб’екты. Паводле Reuters, з-за удараў ЗСУ была спыненая або прыпыненая праца буйных НПЗ у цэнтральнай частцы Расіі, у выніку да сярэдзіны чэрвеня РФ страціла каля 25% вытворчасці бензіну ў параўнанні з сярэднесутачным паказчыкам у чэрвені 2025 года.
Унутранае спажыванне бензіну ў пік летняга сезона ў Расіі ацэньваецца як мінімум у 110 тысяч тон у дзень. Цяпер, як сцвярджае агенцтва са спасылкай на крыніцы ў галіне, аб’ём вытворчасці ўпаў прыкладна да 90 тысяч тон у дзень.