Што суліць беларускім НПЗ ультыматум Зяленскага
- 23.06.2026, 11:59
Лукашэнка не зможа абараніць заводы.
Мінулага тыдня Уладзімір Зяленскі жорстка запатрабаваў ад беларускіх уладаў адключыць спецыяльнае абсталяванне — рэтранслятары, якія дапамагаюць расійскім дронам наносіць удары па Украіне. Але не толькі. У прамове прэзідэнта Украіны прагучаў даволі празрысты намёк на тое, як рэжым Лукашэнкі зарабляе на вайне, — і ў Кіеве гэта выдатна бачаць.
— Мы ведаем пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расію і на гэтую вайну. Кожнае прадпрыемства, якое пастаўляе кампаненты для расійскай зброі — для бронетэхнікі, для ракетных сістэм, — а таксама прадпрыемства, што пастаўляе Расіі паліва для вайны, — усё гэта ўцягвае Беларусь у вайну, — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Прамой пагрозы, што па прадпрыемствах, якія працуюць на расійскі ВПК, можа «прыляцець», не прагучала. Але калі ўспомніць словы камандзіра Сіл беспілотных сістэм ЗСУ Роберта «Мадзяра» Броўдзі пра 500 мэтаў, якія ваенныя Украіны ўжо вызначылі на выпадак наступу з тэрыторыі Беларусі, а таксама пра рэгулярна палаючыя ў Расіі НПЗ і нафтабазы, — ёсць нагода сур'ёзна задумацца.
Бо калі рэтранслятары на вежах Лукашэнка сапраўды можа адключыць або проста «не заўважыць» украінскія ўдары па іх, то з прадпрыемствамі так не працуе. Ці могуць беларускія ўлады абараніць абодва свае НПЗ і куды прадаваць паліва, калі не ў Расію? Пра гэта «Філін» пацікавіўся ў эканамічнага аглядальніка Андрэя Махоўскага.
— Пагроз наконт НПЗ пакуль не было, — адзначае эксперт. — Ва ўльтыматуме выстаўленыя патрабаванні менавіта адносна рэтранслятараў. І іх Лукашэнка выдатна можа адключыць. Хай і са шкодай для рэпутацыі, але, на маю думку, шкода для рэпутацыі ўсё роўна лепшая, чым шкода для арганізма.
Магчыма, што НПЗ стануць, так бы мовіць, наступным этапам — прапанова адключыць іх, дакладней, спыніць пастаўкі бензіну ў Расію. Але пакуль — не.
Шчыра кажучы, слаба ўяўляю, што Лукашэнка можа зрабіць у гэтай сітуацыі. Бо абараніць свае заводы ён не можа. Як ён сам прызнаўся, перад Украінай ён — як на далоні, і наогул ён разам з усімі сваімі генераламі ўжо смяротнік.
Расія таксама нешта не дужа гарыць жаданнем абараняць беларускія прадпрыемствы. Літаральна ўчора пуцінскі Пяскоў сказаў: маўляў, мы ў вас верым, вы малайцы, вы моцныя, вы адважныя, вы самі справіцеся, калі што. Ну, сапраўды: чым Пуцін будзе абараняць Лукашэнку і яго НПЗ, калі Пуціну не хапае ППА нават для таго, каб абараніць Маскву?
— Уявім, што Лукашэнка вельмі сур'ёзна ўспрыняў папярэджанні Украіны і вырашыў патроху скарачаць пастаўкі паліва ў Расію. А куды яшчэ, калі цяпер продаж бензіну ў РФ — залатая жылка?
— Дарэчы, зусім не залатая. Пастаўкі паліва з Беларусі ў Расію — гэта не надта выгадная гісторыя для Беларусі. Расійскі рынак не з’яўляецца прэміяльным для беларускага бензіну і беларускага дызпаліва.
Так што Беларусь пастаўляе паліва ў РФ, — але, прынамсі, у канцы мінулага года гэта было на ўмовах даўальніцкай сыравіны. Гэта значыць, Расія завозіць і перапрацоўвае ў нас сваю нафту, а тое, што атрымліваецца, — уласнасць расійскіх кампаній. Яны проста плацяць беларускім заводам за перапрацоўку.
На даўальніцкіх пастаўках шмат не заробіш, вялікай маржы няма. Хоць, судзячы па ўсім, там былі дадатковыя ўмовы, дзякуючы якім Лукашэнка атрымлівае расійскую нафту на больш выгадных умовах, чым Расія яе прадае.
Аднак, паўтаруся, расійскі рынак для Беларусі — не прэміяльны. Калі адкінуць палітычныя пытанні і той момант, што беларускія нафтапрадукты ідуць праз Расію (і каб іх прадаваць, трэба мець на гэта добрую волю Расіі), дык значна выгадней для Беларусі было б прадаваць свае нафтапрадукты ў краіны Афрыкі і Азіі. Куды, уласна, краіна іх і прадавала да мінулай восені.
— А калі Украіна зробіць больш рашучыя крокі, то…
— Тады можна пастаўляць нафтапрадукты ў краіны Афрыкі, з гэтым усё нармальна. Але ёсць, па-першае, лагістычнае пытанне: патрэбна везці іх па тэрыторыі Расіі.
А па-другое, праблема ў тым, што нафту мы атрымліваем з Расіі. І калі Лукашэнка скажа: больш вам прадаваць не буду, тут Зяленскі мне пагражае, — дык Расія можа пачаць пастаўляць нафту ўжо не на такіх выгадных умовах, як раней. І гэта калі браць толькі эканоміку, без палітычна-псіхалагічных момантаў.
— Выходзіць, добрых сцэнарыяў для беларускіх НПЗ няма?
— Калі Зяленскі запатрабуе спыніць пастаўкі паліва ў Расію, то ў цэлым добрых сцэнарыяў сапраўды няма. Але сёння гэта ўсё ж гіпатэтычная сітуацыя, бо такога патрабавання не прагучала.