BE RU EN

Fox News: Расія рыхтуе гібрыдныя атакі на ўсходнім флангу НАТА

  • 23.06.2026, 14:33

Латвійская разведка даведалася падрабязнасці.

Латвійская разведка папярэджвае, што Расія рыхтуе магчымыя правакацыі супраць краін Балтыі або Польшчы, у прыватнасці атакі з выкарыстаннем беспілотнікаў і іншыя гібрыдныя дзеянні, каб прымусіць краіны НАТА спыніць падтрымку Украіны.

Пра гэта паведамляе Fox News.

«Мы бачым прыкметы таго, што Расія рыхтуе ваенныя правакацыі супраць краін Балтыі або Польшчы. Ідзе гаворка не пра звычайную вайну, бо цяпер Расія на гэта не здольная, а пра гібрыдныя атакі — з выкарыстаннем ракет, беспілотнікаў або іншых сродкаў, закліканых падаць сігнал: спыніце падтрымліваць Украіну, інакш у вас з'явяцца ўласныя праблемы», — заявілі прадстаўнікі латвійскай разведкі.

Латвійская разведка лічыць, што Пуцін не толькі шукае спосабы прымусіць краіны НАТА адмовіцца ад падтрымкі Украіны, але і атрымлівае скажаныя ацэнкі сітуацыі ўнутры ўласнай сістэмы, што павялічвае рызыку памылковай ацэнкі рашучасці Захаду.

«Найбольшае занепакоенне выклікае рызыка праліку. Расійскія дзяржаўныя структуры гавораць Путіну тое, што ён хоча пачуць, і гэта стварае небяспечнае замкнёнае кола, якое можа прывесці да неабдуманых і бессэнсоўных рашэнняў», — заявілі ў латвійскай разведцы.

«Мы бачым усё больш прыкмет таго, што Пуцін хоча атрымліваць толькі добрыя навіны. Ён ізаляваны, і гэта яшчэ больш ускладняе працэс прыняцця рашэнняў, бо яны грунтуюцца не на рэальнай сітуацыі», — дадалі ў разведцы.

Папярэджанне латвійскай разведкі супадае з заявамі польскіх чыноўнікаў, з якімі Fox News размаўляў у чэрвені ў Польшчы. Паводле іх слоў, гібрыдная вайна Расіі супраць усходняга флангу НАТА ўжо працягваецца. Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Босацкі указаў на забойствы, актыўнасць беспілотнікаў, кібератакі і напады на аб’екты крытычнай інфраструктуры на тэрыторыі НАТА, уключаючы, паводле яго слоў, арганізаваную Расіяй кібератаку на польскую энергетычную інфраструктуру, мэтай якой было «пакінуць без электрычнасці частку Польшчы».

Латвійская разведка таксама лічыць, што заходнія санкцыі аказваюць рэальны ўплыў на Расію, нягледзячы на публічныя заявы Масквы пра тое, што яна паспяхова справілася з гэтым ціскам.

Апошнія навіны