BE RU EN

Арменія адыходзіць ад Масквы і наладжвае масты з Турцыяй

  • 23.06.2026, 17:40

Яшчэ нядаўна гэта здавалася амаль немагчымым.

Арменія робіць тое, што яшчэ нядаўна здавалася амаль немагчымым: пасля больш чым трыццаці гадоў замарожаных адносін Ерэван імкліва збліжаецца з Турцыяй. На фоне пагаршэння адносін з Масквой улады Арменіі фактычна запускаюць геапалітычны разварот, які можа перакроіць увесь Паўднёвы Каўказ, піша CEPA (пераклад — сайт Charter97.org).

Кіраўнік МЗС Арменіі Арарат Мірзаян заявіў, што Ерэван і Анкара блізкія да поўнай нармалізацыі адносін. У маі Турцыя ўжо зняла частку гандлёвых бар'ераў, а пастаўкі паміж дзвюма краінамі пачалі выводзіць з ранейшай шэрай схемы праз трэція дзяржавы. Гэта першы па-сапраўднаму адчувальны крок пасля дзесяцігоддзяў закрытай мяжы, якая была зачыненая яшчэ ў 1993 годзе на фоне першай карабахскай вайны.

Пералом пачаўся пасля вайны 2020 года, калі Арменія балюча пераканалася, што Расія больш не гатовая быць ранейшым гарантам бяспекі. З таго часу прэм'ер Нікол Пашынян робіць стаўку на змяншэнне залежнасці ад Масквы і пошук новых апор — перадусім у Турцыі і Еўропе.

За апошнія месяцы тэмп рэзка ўзрос. Turkish Airlines запусціла прамыя рэйсы паміж Стамбулам і Ерэванам, бакі абмяркоўваюць аднаўленне чыгункі Гюмры–Карс, а таксама рэканструкцыю гістарычнага моста Ані на мяжы. Паралельна Арменія адкрывае для сябе новы гандлёвы маршрут у Еўропу праз Турцыю.

Перамога партыі Пашыняна на чэрвеньскіх выбарах толькі ўмацавала гэты курс. Ягоная кампанія будавалася на ідэі міру з суседзямі і выхаду з ранейшай знешнепалітычнай залежнасці. Прыкметна, што Рэджэп Таіп Эрдаган павіншаваў армянскага прэм'ера з перамогай, тады як Масква аддала перавагу прамаўчаць.

Галоўная перашкода на шляху да канчатковага прарыву — адносіны Арменіі і Азербайджана. Але нават калі мірная дамова з Баку запатрабуе часу, сам трэнд ужо відавочны: Арменія выкарыстоўвае аслабленне Расіі, каб вырвацца са старой арбіты і ўпiсацца ў новую рэгіянальную архітэктуру.

Апошнія навіны