Пуціна ўгаворваюць перанесці выбары ў Дзярждуму
- 24.06.2026, 9:04
З-за ўдараў дронаў.
Расійскія сілавікі пераконваюць дыктатара Уладзіміра Пуціна перанесці выбары ў Дзярждуму. Такое рашэнне прасоўваюць кіраўнікі ФСБ і кіраўнік Расгвардыі, сябар і былы ахоўнік Пуціна Віктар Золатаў.
Пра гэта паведамляе «Медуза» са спасылкай на двух суразмоўцаў, блізкіх да адміністрацыі расійскага дыктатара.
Паводле слоў аднаго з суразмоўцаў выдання, «размовы пра перанос, а насамрэч — пра адмену выбараў у найбліжэйшай перспектыве» з’явіліся яшчэ вясной 2026 года. Сярод прычын называюць праблемы з бюджэтам, рост цэн, скарачэнне выдаткаў і скарачэнні на прадпрыемствах. Абмеркаванне адмены або пераносу выбараў «значна актывізавалася» пасля атак украінскіх беспілотнікаў на Маскву, паведамляюць крыніцы.
«Зразумела, што [сітуацыя] толькі пагаршаецца, і гэта заўсёды адбіваецца на рэйтынгах улады. Улічваючы ўсе меры кантролю, праводзіць выбары ў такіх умовах — справа смелая. А ў іх [філасофіі] няма чалавека — няма праблемы», — паведаміла крыніца выдання.
Суразмоўца таксама дадаў, што гэтай «філасофіяй» сілавікі кіраваліся і тады, калі блакавалі інтэрнэт, каб абмежаваць доступ расіян да незалежных СМІ, і тады, калі ўзмацнялі жорсткасць міграцыйнага заканадаўства пасля тэракту ў «Крокус Сіці Хол». Крыніца ўдакладніла, што абмеркаванне пераносу выбараў у Дзярждуму адбываецца толькі «на ўзроўні размоваў».
«На стале ў прэзідэнта няма ніякіх дакументаў, і, магчыма, іх там і не будзе», — цытуе СМІ сваю крыніцу.
На пачатку поўнамаштабнага ўварвання сілавікі ўжо прапаноўвалі Пуціну адмяніць губернатарскія выбары, аднак тады дыктатара ўгаварылі гэтага не рабіць.