Малдова пазбавіла грамадзянства экс-намесніка кіраўніка спецслужбаў, завербаванага беларускім КДБ
- 24.06.2026, 11:22
У межах абмену яго выдалі ў Беларусь.
Прэзідэнт Малдовы Мая Санду падпісала ўказ аб пазбаўленні былога намесніка дырэктара Службы інфармацыі і бяспекі (СІБ) Аляксандра Балана грамадзянства Малдовы.
Пра гэта паведамляе Newsmaker.
Асуджаны за разгалошванне дзяржаўнай таямніцы Балан пакінуў краіну ў маі гэтага года ў межах абмену на двух супрацоўнікаў СІБ, якіх арыштавалі ў Расіі.
Нагадаем, 28 красавіка двух афіцэраў Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы, якіх утрымлівалі ў Расіі, вызвалілі ў межах абмену. Узамен улады Малдовы перадалі былога намесніка дырэктара СІБ Аляксандра Балана, асуджанага за разгалошванне дзяржаўнай таямніцы. Яго памілавалі, каб ён змог выехаць у Беларусь.
Незадоўга да таго Балана экстрадавалі з Румыніі ў Малдову, дзе ён павінен быў адбыць каля 1,5 года пазбаўлення волі.
Польшча ў межах абмену вярнула актывіста польскай супольнасці ў Беларусі, журналіста Анджэя Пачобута, і перадала ў Расію археолага Аляксандра Буцягіна, аб экстрадыцыі якога прасіла Украіна.