Беларус нібыта ўдарыў міліцыянера нагой у грудзі
- 24.06.2026, 13:30
Што было далей?
Суд Рэчыцкага раёна прысудзіў мясцовага жыхара да трох гадоў і шасці месяцаў калоніі строгага рэжыму па артыкуле аб гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал міліцыі Гомельскай вобласці.
Паводле версіі міліцыі, напрыканцы 2025 года мужчыну затрымалі супрацоўнікі патрульна-паставай службы Рэчыцкага РАУС за адміністрацыйнае правапарушэнне. У ведамстве сцвярджаюць, што падчас разбіральніцтва ў службовым аўтамабілі ён ударыў аднаго з міліцыянераў нагой у грудзі.
Пасля затрымання ў дачыненні да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 364 КК.
Як паведамілі ў УУС, суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе трох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў калоніі строгага рэжыму. Прысуд уступіў у законную сілу.