«Гэта маглі быць новыя ракеты»
- 24.06.2026, 15:24
Авіяэксперт выказаў здагадку, чым атакавалі завод у Варонежы.
У Варонежы СОУ з выкарыстаннем высокадакладных крылацных ракет атакавалі завод па вытворчасці электронікі для расійскіх «Іскандэраў» і Х-101. Ёсць верагоднасць, што магла быць задзейнічана замежная зброя. З 2024 года разгорнута праграма па мадэрнізацыі некалькіх відаў амерыканскай зброі для яе эксплуатацыі Сіламі абароны Украіны.
Пра гэта ў эфіры «24 Канала» распавёў украінскі авіяэксперт, афіцэр Паветраных сіл у рэзерве і дырэктар па развіцці абароннага прадпрыемства Анатолій Храпчынскі, дадаўшы, што планавалася мадэрнізаваць ракеты AGM-158 JASSM.
Калі Украіна разлічвала атрымаць F-16, тады паўстала пытанне пра неабходнасць набыць і ракеты JASSM, якія маглі б дзейнічаць хаця б на адлегласці 600 кіламетраў, каб наносіць удары па важных ваенных аб’ектах у Расіі. У 2024 годзе стартавала праграма, якая прадугледжвала мадэрнізацыю ракет AGM-158 JASSM да варыянту AGM-188 агульнай масай 200 кілаграмаў і карыснай нагрузкай прыкладна 50 кілаграмаў.
Гэта павінна было дазволіць прымяняць гэтыя ракеты з самалётаў F-16 або з удасканаленых пілонаў авіяцыі старога савецкага ўзору, якую эксплуатуе Украіна. Авіяэксперт нагадаў, што былі некаторыя заявы пра тое, што гэты від узбраення выкарыстоўваўся па часова акупаванай тэрыторыі Украіны. То-бок выпрабаванні ўжо праводзіліся.
- Амерыканцы самі зацікаўлены ў стварэнні дальнабойных ракет, значна больш танных і тэхналагічна цікавых. Варта адзначыць магчымасць выкарыстання звышнізкага профілю палёту, каб заставацца незаўважанымі для сродкаў радыялакацыі, – патлумачыў Храпчынскі.
Каментуючы атаку на завод у Варонежы, авіяэксперт указаў на тры трапленні ракет у два будынкі, што прывяло да значных наступстваў. Ці выкарыстоўваліся для паражэння ракеты Storm Shadow/SCALP або AGM-188, паводле слоў Храпчынскага, можна будзе высветліць, даследаваўшы абломкі, калі такія даныя будуць абнародаваныя.
- Расіяне ў любым выпадку будуць падкрэсліваць, што была ўжыта заходняя зброя. Адпаведна, будуць аказваць ціск на нашых партнёраў, – заявіў Храпчынскі.
Праграма мадэрнізацыі замежных відаў узбраення на фінішнай прамой, першыя выпрабаванні, як адзначыў дырэктар па развіцці абароннага прадпрыемства, ужо адбыліся. Таму ёсць верагоднасць, што СОУ маглі выкарыстаць менавіта гэтыя ракеты, тым больш з улікам наяўнага сёння ў Украіне авіяпарку. Ён падсумаваў, што новыя сучасныя выбуховыя элементы дазваляюць нанесці каласальную шкоду нават нягледзячы на нязначную масу баявой часткі ракеты.