Псіхолагі навучыліся вызначаць узрост чалавека па яго каштоўнасцях з дакладнасцю 80%
- 24.06.2026, 20:18
Складзены падрабязны «профіль каштоўнасцяў» для розных узроставых груп.
Апытанне больш як 80 000 чалавек ва ўзросце ад 18 да 75 гадоў дазволіла вучоным скласці падрабязны «профіль каштоўнасцяў» для розных узростаў і нават адгадваць паводле поглядаў чалавека, колькі яму гадоў. Праца апублікавана ў часопісе Personality and Social Psychology Bulletin.
Псіхолагі даўно ведаюць: у маладосці людзі больш цэняць вострыя адчуванні, асабістыя дасягненні і свабоду, а з узростам усё важнейшымі становяцца стабільнасць, традыцыі і клопат пра іншых. Але большасць даследаванняў разглядалі каштоўнасці занадта шырока, аб’ядноўваючы іх у вялікія катэгорыі. Каманда пад кіраўніцтвам Андрэса Гвірца з Каралеўскага каледжа Лондана вырашыла прыгледзецца да больш канкрэтных каштоўнасцяў — такіх, як цікаўнасць, імкненне да рызыкі, павага да аўтарытэтаў, клопат пра навакольных і гэтак далей.
Даныя збіраліся праз анлайн-апытанне часопіса TIME Magazine з 2017 па 2023 год. Кожны ўдзельнік адказваў на 20 пытанняў пра стаўленне да канкрэтных жыццёвых прынцыпаў. Потым даследчыкі выкарыстоўвалі статыстычныя мадэлі і машыннае навучанне, каб ацаніць, наколькі добра дэталёвыя каштоўнасці прадказваюць узрост.
Аказалася, што на дробным узроўні карціна значна складанейшая, чым прынята лічыць. Напрыклад, у межах агульнай «канфармнасці» каштоўнасць павагі да іншых з узростам расла, тады як каштоўнасць «паводзіць сябе правільна» — зніжалася. У межах «дабразычлівасці» пажылыя людзі больш думалі пра патрэбы навакольных, але менш — пра актыўную дапамогу ім. На шырокім узроўні гэтыя супрацьлеглыя трэнды гасілі адзін аднаго, і змены заставаліся незаўважнымі.
Дэталёвыя каштоўнасці аказаліся ў тры разы дакладнейшымі за ўкрупненыя катэгорыі пры прадказанні ўзросту. Алгарытм машыннага навучання правільна вызначаў, хто з двух выпадкова выбраных удзельнікаў старэйшы, у 80% выпадкаў — пры розніцы ва ўзросце не менш як 20 гадоў.