Карціны Шагала і Суціна пайшлі з малатка
- 28.06.2026, 18:31
Яны ўваходзяць у калекцыю ўладальніка футбольнага клуба «Тотэнгэм Готспур».
Аўкцыённы дом Sotheby’s у сваім лонданскім офісе правёў таргі калекцыяй брытанскага бізнесмена і ўладальніка футбольнага клуба «Тотэнгэм Готспур» Джо Льюіса. У суме прадметы мастацтва з яе за два дні таргоў пайшлі з малатка за $392,6 млн пры ацэначным кошце больш за $268 млн, піша office life.
У калекцыі Льюіса былі сабраныя ключавыя творы еўрапейскага фігуратыўнага мастацтва канца XIX — XX стагоддзяў. Яна ахоплівала некалькі пакаленняў мастакоў, якія так ці інакш працавалі з чалавечай фігурай. Так, на таргі трапілі працы Клімта, Мадыльяні, Пікаса, Магрыта і іншых аўтараў.
Топ-лотам таргоў стала праца «Аголеная натура» Амадэа Мадыльяні. Падрабязней пра гэтую карціну мы распавядалі тут.
Працу лічаць адной з самых вядомых у кар’еры мастака. Sotheby’s не раскрываў ацэначны кошт карціны, аднак на рынку казалі пра суму $60 млн. У выніку «Аголеная натура» пайшла з малатка за $60,6 млн і ўстанавіла рэкорд, стаўшы самай дарагой карцінай мастака на аўкцыённых таргах Еўропы.
Таксама падчас гэтых таргоў прадалі працу «Закаханыя ў Вансе» Марка Шагала 1957 года. Папярэдняя ацэнка карціны з адным з самых пазнавальных вобразаў у творчасці мастака з Віцебска — $4 млн. Новы ўладальнік заплаціў за яе $4,3 млн.
Падчас аўкцыёну прадалі і карціну «Партрэт хлопчыка ў сінім» Хаіма Суціна. Аўкцыённы дом ацэньваў картіну 1928 года ў $2,4–3,3 млн. Новы ўладальнік заплаціў за яе $3,1 млн.
Таксама падчас таргоў прадалі працу «Галава селяніна» Казіміра Малевіча. Рэдкую гуаш перыяду прымітывізму ў творчасці мастака ацэньвалі ў $2–2,67 млн, а прадалі амаль удвая даражэй — за $3,9 млн.