Маскву і вобласць масіравана атакавалі беспілотнікі
- 30.06.2026, 9:02
Ёсць «прылёты».
У ноч на 30 чэрвеня Масква і Маскоўская вобласць падвергнуліся маштабнай атацы беспілотнікаў. Мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін заявіў, што сілы супрацьпаветранай абароны нібыта збілі каля 50 дронаў, якія накіроўваліся да горада, піша УНІАН.
Паводле слоў Сабяніна, атака пачалася каля 4:00 раніцы. На працягу двух гадзін ён апублікаваў 11 паведамленняў пра нібыта збітыя беспілотнікі, што ляцелі на Маскву. У кожным допісе чыноўнік адзначаў, што на месцах падзення абломкаў працуюць аператыўныя службы.
У той жа час расійскія ўлады не паведамілі, ці ўсе беспілотнікі былі перахопленыя і якія пашкоджанні атрымалі аб'екты на тэрыторыі Маскоўскай вобласці.
З-за атакі Расавіяцыя часова ўвяла абмежаванні на прыём і адпраўку самалётаў у аэрапортах «Дамадзедава» і «Жукоўскі».
Тым часам расійскія Telegram-каналы апублікавалі відэа палёту беспілотнікаў над Масквой. Таксама паведамляецца пра выбухі і пажар у Ягор'еўску, а таксама пра два трапленні ў Дубне Маскоўскай вобласці.
У Дубне знаходзяцца стратэгічна важныя для расійскага ваенна-прамысловага комплексу прадпрыемствы. У прыватнасці, завод «Кранштадт», які вырабляе беспілотнікі, і машынабудаўнічы завод «Радуга» імя Бярэзняка, што ўваходзіць у карпарацыю «Тактычнае ракетнае ўзбраенне». На гэтым прадпрыемстве вырабляюць крылатыя ракеты Х-101, Х-555, Х-69 і Х-59МК, якія Расія рэгулярна выкарыстоўвае для нанясення удараў па тэрыторыі Украіны.
Варта адзначыць, што і завод «Кранштадт», і прадпрыемства «Радуга» ўжо неаднаразова станавіліся мэтамі атак беспілотнікаў.