Сырскі: Рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі больш уключаць не будуць
- 30.06.2026, 20:36
Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Украіны папярэдзіў рэжым Лукашэнкі.
Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Украіны Аляксандр Сырскі заявіў, што рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі яшчэ не дэмантаваныя. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю ТСН, якое было апублікавана ў аўторак, 30 чэрвеня.
Па яго словах, 29 чэрвеня адзін з рэтранслятараў часова ўключалі, аднак надалей іх, верагодна, выкарыстоўваць не будуць.
«Я думаю, што яны зразумеюць, што гэтага рабіць не варта, скажам так. У нас шмат усяго. У нас ёсць вопыт, у нас ёсць навучаныя разлікі, у нас ёсць падрыхтаваныя войскі. То бок у нас ёсць усё для таго, каб не баяцца дзеянняў у гэтым напрамку і забяспечыць, ну, прынамсі, зрабіць немагчымым выкарыстанне БПЛА праціўніка, палёты менавіта ўздоўж мяжы», — паведаміў Сырскі.