Гэта важней за бочкі з нафтай
- Аляксей Копыцька
- 1.07.2026, 7:38
Пра паражаныя мэты пад Масквой.
Не збіраўся гэта пісаць, але раніцай адкрыў стужкі і ўбачыў незадаволенае бурчанне. Маўляў, неэфектна і неэфектыўна выглядае праца добрых дронаў у Маскоўскай вобласці.
Шмат відэа, як іх збіваюць, нічога прыгожа не дыміць. Можа, спыніць гэтыя потугі і спаліць нейкі лішні НПЗ? І карысна, і настрой падымае. А не вось гэта ўсё.
Вынікі ночы 29/30 чэрвеня будуць пазней, ужо ёсць намёкі ў выглядзе двух акуратных узгаранняў у раёне Дубны. І гэта добрая падстава паглыбіцца.
1. Спецыфіка Маскоўскай вобласці ў тым, што там маса найважнейшых мэтаў, дзе асабліва няма чаму прыгожа і доўга гарэць. А шкода можа быць каласальная.
Мы ўжо прызвычаіліся мераць эфектыўнасць шматдзённымі пажарамі на нафтасховішчах і працяглай другаснай дэтанацыяй на складах БК.
А шкода можа быць каласальная
Аднак на заводах ВПК, што вырабляюць высокатэхналагічныя, але не выбуховыя элементы, такога не будзе. Як і на аб’ектах сувязі, радыётэхнічнай разведкі, касмічнай галіны, у цэнтрах кіравання і г. д.
Цэнтр касмічнай сувязі «Дубна» — адзін з такіх прыкладаў. Але нават ён не самы наглядны. Хаця, здавалася б?!
2. 29 чэрвеня ў зводцы Генштаба прамільгнуў такі абзац: «Акрамя таго, па выніках дадатковага аналізу даных пацверджана паражэнне двух аб’ектаў праціўніка ў раёне н.п. Міняева Маскоўскай вобласці РФ, якія забяспечвалі вайсковую сувязь. На тэрыторыях аб’ектаў 26 чэрвеня знішчана адна будыніна. Яшчэ адна будыніна атрымала значныя пашкоджанні з яе частковым разбурэннем…».
У сеціве ёсць пара спадарожнікавых здымкаў, дзе відаць: адно збудаванне (ангар) сапраўды знішчана, а ў другога (П-вобразнага, 3+ павярховага) абрынулася палова «перакладзіны» па ўсёй вышыні, г. зн. разбурана прыкладна 1/6 частка будынка…
Гэта добра ці дрэнна — незразумела. Бо дадзеная інфармацыя нічога не тлумачыць, а больш хавае. Калі вы паспрабуеце знайсці нейкія аб’екты па арыенціры «н.п. Міняева», амаль нічога не будзе.
Зусім іншая справа, калі пачнеце шукаць па арыенціры «Мяшчэрына». Тут і разверзнецца пячора Аладзіна, з якой трэба толькі дастаць каштоўнае…
3. У 1950-я гг. савецкі ўрад пачаў будаваць вакол Масквы непрыступную крэпасць, у тым ліку — у плане супрацьпаветранай абароны.
Для забеспячэння гэтай мэты былі збудаваны Малое і Вялікае маскоўскія кальцы. Па сутнасці — гэта яшчэ дзве кальцавыя дарогі, на дыстанцыі прыкладна 30 км і 60 км ад МКАД, якія выконваюць функцыю ракадных ваенных маршрутаў.
Блакада Крыму не прымусіць Пуціна пачаць перамовы
На акружнасці гэтых кальцоў (спачатку закрытых для простых абывацеляў) былі выбудаваны два эшалоны СПА. У прыватнасці, па Вялікім кальцы ў цікавым для нас раёне (паўднёва-ўсходні сектар, паміж трасамі М-4 і Е-30) з крокам у 15 км «рассадзілі» зенітна-ракетныя палкі/дывізіёны, першапачаткова ўзброеныя спецыяльна створанымі сістэмамі С-25, якія ў сярэдзіне 1980-х гг. замянілі на ЗРК С-300/С-300П.
Паводле традыцыі тых гадоў, для забеспячэння жыццядзейнасці войскавай часткі быў пабудаваны закрыты вайсковы гарадок «Мяшчэрына-1» за 2,5 км на поўдзень ад уласна н.п. Мяшчэрына (тэхнічна бліжэй да дачнага пасёлка Міняева).
Пасля распаду СССР пачаўся працэс рэарганізацыі арміі, у тым ліку сіл СПА, у выніку чаго 709-ы зенітна-ракетны полк асаблівага прызначэння з адрасам «Мяшчэрына-1» быў скарачаны. Да 1995 года гісторыя вайсковай часткі СПА там скончылася, засталіся людзі паныла існаваць у вайсковым гарадку, які пачаў занепадаць. Карацей, уся класіка 1990-х…
Аднак СПА — гэта толькі адна складовая «Мяшчэрыны-1». На пачатку 1970-х гадоў побач з пазіцыямі СПА перазапусцілі будоўлю ваенна-тэхнічнага аб’екта, якую пачыналі ў 1960-я, але з-за шпіянажнага скандалу адклалі.
Каб не сыходзіць глыбока ў фармальныя дэталі, сутнасць: у «Мяшчэрыне-1» сфармавалася высокатэхналагічнае гняздо савецкай ваеннай разведкі ГРУ (цяпер ГУ ГШ Узброеных Сіл РФ), якое займалася касмічнай разведкай і разведкай па іншых электронных каналах камунікацыі.
4. Зараз мы можам назіраць, як ствараюцца і рэарганізоўваюцца войскавыя часткі і цэлыя роды войскаў. Таму няма вялікага сэнсу зацыклівацца на ўсіх нумарах частак і юрыдычных асобах. Але варта зафіксаваць, што пасля пэўнага заняпаду на пачатку 1990-х адбыўся невялікі рэнесанс радыётэхнічных падраздзяленняў у структуры ГРУ, якія займаліся РЭР і РЭБ.
Прычына — войны ў Чачні. Раптам высветлілася, што патрэбныя спецыялісты для перахопу спадарожнікавых сігналаў, узлому абсталявання замежнай вытворчасці і г. д. Гэтыя ж людзі, між іншым, займаліся і глушэннем сігналу пры нейтралізацыі выбуховых прылад.
На пачатку 2000-х радыётэхнічныя разведпадраздзяленні ГРУ былі ператвораныя ў цэнтры / цэнтральныя пункты прыёму і апрацоўкі інфармацыі.
На дадзены момант з лакацыяй «Мяшчэрына-1» звязаныя:
• Федэральная казённая ўстанова «Войскавая частка 03770», яна ж — 476-ы цэнтральны пункт прыёму і апрацоўкі інфармацыі ГУ ГШ (адзін персанаж з гэтага цэнтра нават стаў персонай нон грата ва Украіне ў 2018 г.);
• ФКУ «Войскавая частка 47126», яна ж 918-ы цэнтральны пункт прыёму і апрацоўкі інфармацыі ГУ ГШ;
• ФКУ «Войскавая частка 30258».
У многім — гэта спалучаныя сасуды. Вельмі наглядна гэта бачна на прыкладзе в/ч 30258 і 03770 — у іх нават сумесныя форумы бацькоў салдат. А ў сілу закрытасці частак ёсць блытаніна, хто дзе служыць, што гэта за войскі і г. д. Базавае прыкрыццё — гэта часткі Касмічных войскаў ВКС РФ. Але не. У дадзеных частак характэрная для ГРУ сімволіка на разнастайных значках.
5. У выніку: у ноч на 26 чэрвеня Сілы абароны Украіны без асаблівага рэзанансу крыху патапталі вайскова-касмічнае гняздо ГРУ з прывязкай «Мяшчэрына-1». Акрамя тактычнага значэння ў ходзе бягучай вайны ўзнікае дадатковы — стратэгічны — момант.
У Расіі касмічныя справы ідуць не надта бліскуча, аднак Крэмль валодае значнай групоўкай ваенных і фармальна грамадзянскіх спадарожнікаў, застаючыся адным з лідараў асваення космасу.
Гэтыя спадарожнікі завязаныя на наземную інфраструктуру. Пра цэнтры касмічнай сувязі («Дубна», «Уладзімір» …) я ўжо пісаў, нашы іх крыху паламалі.
Да гэтага 30 мая паламалі радыётэхнічны аб’ект 16-га Цэнтра ФСБ РФ у раёне Цемрюка. А цяпер вось і да ГРУ дабраліся. Звярніце ўвагу — усё гэта літаральна за 1 месяц.
Гэта, скажу вам, будзе страшней за падпальванне бочак з нафтай.
Адзінкавыя ўдары па такіх аб’ектах змяняць няшмат, бо часта самае цікавае, уразлівае і непапраўнае там — пад зямлёй. Але Украіна ўжо абазначыла, што ўдары будуць не адзінкавымі. У выніку чаго Расія за некалькі месяцаў можа стратэгічна аслепнуць і аглохнуць, страціўшы значную частку свайго вялікадзяржаўя.
Упэўнены, што расійскія вайскоўцы, Раскосмас і ФСБ змогуць абазначыць перад палітычным кіраўніцтвам такую рызыку.
Схаваць такія аб’екты ад нас расіяне не могуць. Бо львіная іх доля разгорнута на савецкай базе. А нешта зусім новае нашы спецыялісты выяўляюць…
А вы кажаце, нянаглядна, не дыміць, выглядае як нейкая дурнота…
Цаніце разнастайнасць ваенных мэтаў.
Аляксей Копыцька, «Фэйсбук»