BE RU EN

Беларусаў заклікалі часова адмовіцца ад пенсій

  • 1.07.2026, 9:04

У чым сутнасць?

Сацыяльныя службы прапануюць беларусам часова адмовіцца ад пенсій і працягнуць працаваць без гэтых выплат. Сутнасць у тым, каб у будучыні павялічыць іх памер. Пра такую апцыю нагадаў Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, піша «Зеркало».

Расказваючы пра адкладзены выхад на заслужаны адпачынак, у камітэце ўдакладнілі: «Працягваючы працаваць без атрымання пенсіі, можна значна павялічыць яе памер. Чалавек пры дасягненні пенсійнага ўзросту абавязкова афармляе прызначэнне пенсіі, але, працягваючы працаваць, адмаўляецца ад яе атрымання [гэта неабходна зрабіць у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне]».

У камітэце дадалі, што памер пенсіі будзе павялічаны ў залежнасці ад таго, на які перыяд работнік адмовіўся ад выплат.

«Мінімальны перыяд — два месяцы, максімальны перыяд — не ўстаноўлены, — удакладнілі сацыяльныя службы. — Бонусная праграма прадугледжвае павелічэнне працэнта, на які павышаецца пенсія. Так, памер пенсіі павялічыцца на 1% заробку, з якога разлічваецца пенсія, — пры адмове ад атрымання выплат на два месяцы. На 6, 8, 10 і 12% такога заробку адпаведна за кожны поўны першы, другі, трэці і чацвёрты гады працы. 14% — за поўны пяты і кожны наступны год працы».

Нагадаем, паводле даных за 2019 год, сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Беларусі складала каля 64 гадоў, а жанчын — 78 гадоў. Гэта паказчык да пандэміі каранавіруса, якая магла на яго паўплываць.

Пенсійны ўзрост у Беларусі для жанчын складае 58 гадоў, а для мужчын — 63 гады.

Апошнія навіны