Расія пачала закупкі бензіну ў Індыі
- 1.07.2026, 15:29
Каб змякчыць дэфіцыт паліва на ўнутраным рынку пасля ўкраінскіх атак.
Расія пачала марскі імпарт бензіну з Індыі, каб змякчыць дэфіцыт паліва на ўнутраным рынку, выкліканы ўдарамі дронаў па энергетычнай інфраструктуры, паведамілі Reuters дзве крыніцы ў галіне.
Паводле слоў аднаго з суразмоўцаў агенцтва, з Індыі ў Расію было накіравана не менш як 60 тысяч тон аўтабензіну. Іншая крыніца паведаміла, што адпраўлены два танкеры з партыямі ад 30 да 40 тысяч тон.
Трэцяя крыніца ўдакладніла, што Масква плануе штомесяц імпартаваць 400 тысяч тон бензіну з розных краін, уключаючы суседнюю Беларусь, якая ўжо накіроўвае паліва на рынак РФ.
Спажыванне бензіну ў Расіі летам, калі попыт высокі, складае каля 110 тысяч тон у суткі, паводле ацэнак крыніц Reuters. Пры гэтым сярэднясутачнае спажыванне ўпала да 85 тысяч тон у дзень пасля таго, як украінскія беспілотнікі больш за 40 разоў паразілі расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы, у тым ліку 9 з 10 найбуйнейшых.
Гэта прывяло да дэфіцыту паліва амаль ва ўсіх расійскіх рэгіёнах. Больш як 40 суб'ектаў увялі афіцыйныя абмежаванні на продаж бензіну — ад нармавання колькасці літраў у адны рукі да забароны заліваць паліва ў каністры.