Рутэ пра поспехі Украіны: Гэта прызнаў нават Трамп
- 1.07.2026, 15:50
Генсак НАТА заявіў, што Пуцін адмаўляецца ад перамоваў.
Цяпер Украіна адчувае сябе значна лепш на полі бою і дасягае вялікіх поспехаў, у той час як расіяне штомесяц страчваюць 35 тысяч вайскоўцаў. Пра гэта заявіў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ у інтэрв'ю Financial Times.
«Прагрэс, якога Расія дасягала яшчэ чатыры-пяць месяцаў таму, цяпер значна запаволіўся. Украіна адчувае сябе значна, значна лепш. Прэзідэнт ЗША таксама прызнаў гэта на мінулым тыдні ў Белым доме», — сказаў ён.
Рутэ адзначыў, што расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна «не натхняюць» страты арміі РФ і поспехі Украіны на полі бою. Ён падкрэсліў, што пакуль няма прыкмет таго, што кіраўнік РФ хоча сесці за стол перамоваў.
Паводле слоў генсака НАТА, Захаду варта яшчэ больш падтрымліваць Украіну і зрабіць так, каб яна была максімальна моцнай да моманту пачатку перамоваў.
«Аднак вырашаць, ці прыйдзе ён ці не, павінен Пуцін», — дадаў Рутэ.
Таксама генсак НАТА заявіў, што цяпер Расія ўяўляе найбольшую пагрозу для Альянсу. Ён адзначыў, што Масква працягвае цесна супрацоўнічаць з Кітаем, Іранам і Паўночнай Карэяй.