Зяленскі тэрмінова вяртаецца ва Украіну
- 1.07.2026, 22:01
Прэзідэнт Украіны папярэдзіў грамадзян сваёй краіны пра масіраваны ўдар РФ сёння ўначы.
Сёння ўначы Расія можа нанесці чарговы масіраваны ўдар па Украіне. Усім украінцам варта рэагаваць на сігналы паветранай трывогі.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага падчас прэс-канферэнцыі з прэм'ерам Ірландыі Міхолам Мартынам.
«Раз на тыдзень-два — масіраваныя ўдары, сотні дронаў, дзясяткі ракет розных тыпаў. Сёння ёсць вельмі непрыемная інфармацыя пра чарговую падрыхтоўку такога расійскага масіраванага ўдару. Ёсць дадзеныя выведкі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Зяленскі дадаў, што са сваёй камандай тэрмінова вернецца ва Украіну і заклікаў усіх грамадзян улічваць сігналы паветранай трывогі і карыстацца сховішчамі.
«Мы ведаем, што Пуцін ужо нейкі час рыхтаваў гэты масіраваны ўдар па Украіне. Кіраўнік Расіі абсалютна адмаўляецца заканчваць вайну», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заявіў, што Украіна «афіцыйнымі і неафіцыйнымі каналамі», а таксама праз блізкіх да дыктатара людзей перадавала пра гатоўнасць да сустрэчы і перамоваў, але Пуцін «бачыць для сябе толькі далейшую агрэсію» супраць Украіны і ЕС.
«Вядома, сёння і ў найбліжэйшыя дні наша СПА і іншыя ваяры будуць рабіць усё, што змогуць. Я ўжо даў адпаведныя даручэнні і вайскоўцам, і міністру ўнутраных спраў, спецслужбам і выведцы, але ўсе павінны разумець, з кім мы маем справу, і тую падласць, з якой РФ працягвае гэтую вайну», — паведаміў Зяленскі.
Ён адзначыў неабходнасць паставіць краіну-агрэсара ў такія ўмовы, калі, акрамя міру, ніякіх іншых альтэрнатыў не будзе.