Беспілотнікі ЗСУ атакавалі чатыры судны ў Азоўскім моры
- 11.07.2026, 9:46
БПЛА атакавалі, у тым ліку, танкер, які перавозіў метанол.
Уначы на суботу, 11 ліпеня, беспілотнікі атакавалі расейскія судны ў Азоўскім моры. Губернатар расейскай Растоўскай вобласці Юрый Слюсар сцвярджае, што пад удар трапілі чатыры судны ў Таганрогскім заліве.
Паводле яго слоў, дроны атакавалі, у тым ліку, танкер, які перавозіў метанол. Слюсар заяўляе, што пагрозы разліву або ўцечкі рэчыва няма, а судны, нібыта, атрымалі «незначныя пашкоджанні».
У той жа час губернатар сцвярджае, што ўначы расейская СПА «збіла» ў Растоўскай вобласці больш за 15 БПЛА, якія атакавалі горад Таганрог, а таксама Азоўскі і Неклінаўскі раёны вобласці.
У выніку атакі, паводле слоў Слюсара, загінуў марак тэхнічнага судна.
Уначы ў Растоўскай вобласці РФ абвяшчалі пагрозу атакі БПЛА, мясцовыя паблікі паведамлялі пра серыю выбухаў у рэгіёне.
10 ліпеня Сілы беспілотных сістэм ЗСУ паведамілі пра паразу яшчэ 13 танкераў ценявога флоту РФ. Усяго за пяць сутак украінскія дроны паразілі 48 расейскіх суднаў у Азоўскім моры.
Паводле дадзеных аналітыкаў Defense Express, у акваторыі можа знаходзіцца прыблізна 120 суднаў, большасць з якіх — сухагрузныя судны.