BE RU EN

На Кубе — другі татальны блэкаўт за пяць дзён

  • 11.07.2026, 10:12

Электраэнергетычная сістэма вострава цалкам адключылася.

На Кубе другі раз за пяць дзён адбылося агульнанацыянальнае адключэнне электраэнергіі. Дзяржаўная энергетычная кампанія UNE (Unión Eléctrica UNE) у пятніцу, 10 ліпеня, паведаміла ў Facebook, што «поўнае адключэнне Нацыянальнай электраэнергетычнай сістэмы» зафіксавана а 16:30 паводле мясцовага часу (22:30 па Мінску), піша «Нямецкая хваля».

Пазней у кампаніі ўдакладнілі, што а 15:55 (21:55 па Мінску) адбылася аварыя на лініі 220 кВ, якая злучае Санта-Клару і Санкті-Спірытус. Гэта прывяло да збою ў Нацыянальнай энергасістэме, адключэння некалькіх цеплавых энергаблокаў і ваганняў параметраў у нізкавольтных сетках. У сукупнасці гэты ланцуг падзей і прывёў да поўнага адключэння электраэнергіі, дадалі ў UNE.

Гаворка ўжо пра чацвёрты блэкаўт з пачатку 2026 года, нагадала агенцтва AFP.

Куба мела цяжкасці з энергазабеспячэннем яшчэ да таго, як у студзені прэзідэнт ЗША Дональд Трамп увёў нафтавую блакаду супраць Гаваны. Абмежаванні пагоршылі недахоп паліва для электрастанцый. Акрамя таго, у кубінскай энергасістэме з-за састарэлага абсталявання рэгулярна адбываюцца збоі.

Прэзідэнт Кубы: ЗША хочуць справакаваць сацыяльнае паўстанне

Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль рэзка раскрытыкаваў санкцыйную палітыку ЗША. Ён абвінаваціў Вашынгтон у імкненні «справакаваць сацыяльнае паўстанне», «мардаваць краіну голадам». Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, блакада, што дзейнічае са студзеня, блізкая да «генацыду».

Да гэтага энергасістэма Кубы поўнасцю выйшла з ладу 6 ліпеня. Краіна здольная самастойна забяспечыць толькі каля 40 % патрэбнага аб’ёму паліва. Са студзеня 2026 года ЗША дазволілі даставіць на востраў нафту толькі з аднаго расійскага танкера ў канцы сакавіка, аднак гэтыя 730 тыс. барэляў былі цалкам выкарыстаныя ўжо ў маі.

Як адзначала агенцтва Bloomberg, амерыканская блакада значна пагоршыла хранічныя перабоі з электразабеспячэннем на Кубе, дзе пражывае каля 10 млн чалавек. У маі ўлады краіны заявілі, што поўнасцю вычарпалі запасы паліва.

Трамп хоча дамагчыся змены рэжыму на Кубе

За апошнія месяцы жыхары Кубы ўжо неаднаразова сутыкаліся з маштабнымі адключэннямі электраэнергіі. У сярэдзіне сакавіка без святла на некалькі гадзін засталася ўся краіна, а ў маі аналагічная сітуацыя адбылася ва ўсходніх правінцыях. Акрамя таго, з мэтай эканоміі электраэнергіі ўлады рэгулярна праводзяць планавыя адключэнні, якія могуць працягвацца да 24 гадзін, адзначала Bloomberg.

Спрабуючы знайсці выхад з зацяжнога крызісу, кубінскія ўлады пачалі маштабныя рэформы, уключаючы найбуйнейшую за апошнія 65 гадоў частковую прыватызацыю эканомікі. У чэрвені 2026 года кіраўніцтва краіны прапанавала правесці амаль 200 рынкавых рэформаў у надзеі дамагчыся скасавання паліўнай блакады з боку Вашынгтона.

Аднак перамовы паміж Кубай і ЗША зайшлі ў тупік. Як адзначае Bloomberg, з дапамогай эканамічнага і палітычнага ціску Дональд Трамп разлічвае дамагчыся змены ўлады на Кубе і прыходу да кіраўніцтва краіны ўрада, больш лаяльнага да Злучаных Штатаў.

Апошнія навіны